Чацвёртакласніка Баймурата не прынялі ў гурток мастацкай самадзейнасці.
На адборы праслухалі і вырашылі: «Не-а, з такім голасам на публіку не выпусціш». Баймурата гэта вельмі зачапіла. Ён адразу паскардзіўся бацьку. Сказаў: «Я таксама хачу спяваць!» І пра прычыну таксама расказаў. Агалы працаваў грузчыкам у калгасным амбары. Але ж не стрымліваць душэўныя памкненні сына? Калі надыйшло змярканне, ён накіраваўся да дома настаўніка спеваў. Патлумачыў, чаму прыйшоў: так, маўляў, і так. Папрасіў: «Калі ёсць якая-небудзь магчымасць, вы яго вазьміце спяваць. Ужо вельмі просіць дзіця, не адымайце ў яго жадання». Як не імкнуўся настаўнік яму ўсё патлумачыць, Агалы стаяў на сваім. Паразважаўшы крышачку, настаўнік падняў вочы на Агалы, быццам яму нейкі сігнал прыйшоў зверху:
– А вось што… Давайце запішам яго ў хор!
– А ў хор – гэта куды? – пацікавіўся Агалы.
– Ну, гэта… стаяць сярод іншых дзяцей.
– І спяваць?
– Так, спяваць. Канешне, спяваць.
– Вось і добра. Галоўнае, каб дзе-небудзь спяваць.
– Заўтра пасля ўрокаў у нас будзе рэпетыцыя, няхай прыйдзе, паслухаем яго яшчэ раз.
На наступны дзень Баймурата паставілі ў самай апошняй шарэнзе хора, на ўслончык. Каб падцягнуць ростам да астатніх харыстаў. Толькі пачалася песня, як настаўнік спеваў замахаў Баймурату.
– Перастань, перастань! Злазь! Злазь, злазь! Увесь хор збіваеш з панталыку. Ты безнадзейны. Твой голас зусім не падыходзіць да спеваў. Злазь! – злосна закрычаў настаўнік.
У Баймурата камяк да горла падступіў. Яму захацелася закрычаць: «Чаму гэта не годны? Хіба ў маім голасе нешта не так, як ва ўсіх?!» Але ён не мог слова вымавіць. Павесіўшы нос і згараючы ад сораму, ён выйшаў са строя. Прыйшоўшы дадому, хлопчык не мог ні есці, ні піць. З працы вярнуўся бацька. І перш-наперш запытаўся:
– Ну як, сёння табе дазволілі спяваць?
Не падымаючы галавы, Баймурат моўчкі калупаўся ў кашме пальцам. Бацька перапытаў – ён цокнуў языком у адказ. Зашморгаў носам. Калі хлопчык глядзеў на бацьку, у яго вачах стаялі слёзы.
У Агалы адразу прапаў настрой.
– Чаму ж не далі? – заклапочана спытаўся ён.
Баймурат паціснуў плячыма. Агалы зачапіла, што настаўнік не выканаў дамову. Ён быў пакрыўджаны.
– Нічога, сынок… Значыць, заўтра я пайду да дырэктара. Ты яшчэ заспяваеш. Чаго ж не спяваць табе. Хіба ты горшы за іншых?!
Баймурат уздыхнуў, задрыжэў.
Назаўтра Агалы давялося паехаць у горад за грузам, таму ў школу ён патрапіў ужо бліжэй да вечара. Дырэктар ужо збіраўся сыходзіць дадому. Растлумачыў сітуацыю. Папрасіў: «Веру ў вашу дабрыню. Дзіця хоча спяваць. Імкнецца да гэтага душой». Дырэктар выклікаў настаўніка, коратка распавёў, з чым прыйшоў Агалы. Бедны настаўнік замітусіўся: «Ведаю-ведаю. Але нічога не атрымаецца, таварыш дырэктар. Я пазаўчора вечарам паабяцаў было Агалы, але вось ніяк не атрымліваецца, разумееце?» Ён апусціў вочы, збавіў тэмбр голаса: «Хіба можа быць у дзіцяці такі грубы голас! Я не ведаю, што з гэтым рабіць!»
Агалы пачаў ізноў прасіць: «Калі ласка, прыдумайце што-небудзь, вельмі ўжо дзіця перажывае». І дырэктар, гледзячы на яго, стаў угаворваць настаўніка. Абодва вельмі ўжо стараліся знайсці выйсце са складанай сітуацыі.
– А што, калі…
Настаўнік падняўся з месца. Быццам вырашаючы важную задачу, ён пачаў хадзіць з кута ў кут. Крыху пастаяўшы, паглядзеў на астатніх прысутных у дырэктарскім пакоі: то на аднаго, то на другога. Ізноў прысеў. Глыбока ўздыхнуў. Не дачакаўшыся, пакуль усё паветра выйдзе з лёгкіх, пачаў гаварыць:
– Хм-м-м… Калі толькі так, іншага выйсця я не бачу. Раз ужо ён так моцна жадае, няхай стаіць у хоры. Але каб ні гуку! Паставім яго ў заднім радзе, з высокімі хлопчыкамі, каб не прыцягваў асаблівую ўвагу.
Дырэктар і настаўнік паглядзелі на Агалы. Не падымаючы галавы, той ціха адказаў:
– Ну добра, так яму і перадам.
Вечарам, калі Агалы вярнуўся дахаты, Баймурат толькі лёг у ложак. Варта было бацьку ўвайсці ў дом, як хлопец адразу ж прыўзняў галаву. Свідруючы бацьку вачанятамі, ён чакаў ад яго навін. Агалы сеў ля печы, зняў боты. Пакуль разматваў анучы і складваў іх у боты, няспешна расказваў сыну пра размову ў дырэктара.
– Дазволілі табе стаяць у гэтым, як яго… хоры. Але моўчкі. Яны так вырашылі толькі таму, што не змаглі мне адмовіць. Падумаць толькі, трэба ж было так здарыцца, каб якраз твой голас быў такім непрыгодным для спеваў, – Агалы задумаўся. – Ты, пэўна, пайшоў у майго бацьку. У яго горла таксама было луджаным. Ён як загаворыць сваім голасам, дык як з бочкі, усім суседзям спаць не дае. А дзядуля мой, дык той і ўвогуле вяшчальнікам быў на сяле. Кхе-кхе! Ну, значыць, заўтра смела ідзі. Усё атрымаецца.
Баймурата такая навіна засмуціла. Ён скрывіў рот, моцна сціснуў зубы. Спрабуючы схаваць ад бацькі крыўду, нацягнуў на саменькі твар коўдру. Калі бацька ўжо дапіваў чай, ён, быццам нешта ўспомніўшы, паціху вызірнуў з-пад коўды. Выцер далонню мокры ад поту твар. Ізноў прыўзняў галаву, працягнуў ціхім, падаўленым, стомленым голасам:
– Тата-а-а!
Бацька, седзячы тварам да печкі, выліваў апошні чай у піялу. Калі павярнуўся да хлопчыка, той аддыхаўся, пару разоў зглытнуў сліну. Папытаўся яшчэ болей жаласліва:
– А вуснамі хаця б можна варушыць?
Агалы некаторы час разважаў. Пасля страпянуўся, выкашляўся. Не пасмеўшы зірнуць сыну ў твар, адказаў, адводзячы позірк убок:
– Можна. Чаму б і не. Якая ўжо розніца, калі не выдаеш ні гуку.
Агалы было крыўдна за сына, як за сябе. Ён быў вельмі засмучаны. У два глыткі дапіў чай, а астаткі выліў прама ў печку. Баймурату ж, наадварот, стала шмат спакойней. Амаль адразу ён моцна заснуў. Усю ноч праспаў спакойна, як немаўля. Бо заўтра яго чакала радасная падзея – ён зможа стаяць у адным радзе са сваімі равеснікамі і «спяваць» разам з усімі.
З туркменскай пераклаў Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.
Фото с сайта www.ru.depositphotos.com.