Казка «Садоўнік і сад» Райхана МАЖЭНКЫЗЫ

Клуб "Литературная гостиная"

Садоўнік

Маліна прачнулася зусім рана і адразу пачала шукаць Садоўніка. Яна здзівілася: чаму да гэтага часу яго не відаць? Ці не захварэў?

Калі хто і ведае, дзе Садоўнік, то гэта дакладна Сіні Матылёк. Ён час ад часу аблятае ўвесь сад. Таму Маліна з нецярпеннем пачала чакаць узыходу Сонца і прылёту Матылька.

Як толькі ўзышло Сонца, з’явіўся Матылёк і важна абляцеў кожную кветачку, сеў на лісток Маліны і адразу паведаміў, што Садоўнік захварэў.

Гэту непрыемную вестачку пачуў і Вятрыска. І адразу ж разнёс навіну ва ўсе бакі.

Садоўнік непакоіўся пра кожную расліну ў садзе, даглядаў і песціў кожную ягадку, кожны плод. І таму вестачка пра яго хваробу засмуціла ўсіх.

Насельнікі сада жадалі дапамагчы Садоўніку.

– Калі ў Садоўніка высокая тэмпература, то мае ягады дапамогуць вылечыцца, аднясі іх яму, – папрасіла Маліна Сіняга Матылька.

Сіні Матылёк так і зрабіў. Сарваў жменьку духмяных малінавых ягад і паляцеў. Прыляцеўшы да Садоўніка, Матылёк перадаў яму прывітанне і падарунак ад Маліны. Удзячны Садоўнік выпіў гарбаты з малінай, яму стала лепей, ён павесялеў.

Сіні Матылёк вярнуўся ў садок, і тут з ім загаварылі яблыні: «Мы – крынічкі сілы і энергіі, здароўя і маладосці! Калі ласка, аднясіце нашы плады да Садоўніка. І мы падсілкуем яго».

Сіні Матылёк паслухмяна аднёс яблыкі. Садоўнік пакаштаваў яблыкі, якія сам выгадаваў, і адчуў прыліў сілы. А Матылёк сарваў гронку вінаграда і ізноў прыляцеў да Садоўніка. Нястомны, ён прыносіў Садоўніку па чарзе кавуны і дыні, памідоры і агуркі.

Садоўнік радаваўся ўсяму, што клапатліва дастаўляў яму Матылёк.

З дня ў дзень яму станавілася лепей, ён паступова вылечваўся.

Аднойчы Сіні Матылёк сустрэў у садзе працалюбівую Пчалу. Пчала несупынна збірала нектар з садовых кветак. Сіні Матылёк прынёс Садоўніку мёд, які даслала Пчала.

Садоўнік папіў гарбаты з мядком і канчаткова набраўся моцы. Ён быў вельмі ўдзячны Пчале, якая збірала мёд, і Матыльку, які прынёс яму гэтыя лекі.

Так Садоўнік вылечыўся пладамі, што раслі ў яго ўласным садку. А вырасціць слаўныя плады, ягады і гародніну яму дапамаглі праца і дабрыня.

У хуткім часе Садоўнік вярнуўся ў свой сад. Там яго сустрэў добры і міласэрны Сіні Матылёк. Ён шчасліва пархаў і стараўся сесці то на галаву, то на плячо Садоўніку.

Сад агортвала прахалода ранішняга ветрыка, і Садоўніка, калі ён углядаўся ў клапатліва выпеставаныя ім рознакаляровыя кветкі, плады, ягады, гародніну, ахінала пачуццё гонару і радасці.

А сад радаваўся яму…

З казахскай пераклаў Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *