На парозе самае чароўнае свята − Новы год. Яно заўсёды прыносіць радасць, весялосць і абавязкова падарункі. Большасць дзяцей знойдуць пад ёлкамі сюрпрызы, падрыхтаваныя клапатлівымі бацькамі.
Побач з намі знаходзяцца і тыя дзеці, якія з самага нараджэння пазбаўлены галоўнага − сям’і і любові родных. А цуд чакаюць усе… Чакаюць яго дзеці з дамоў сямейнага тыпу, з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мастоўскага раёна, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мастоў. Цуд для абяздоленых дзяцей ствараюць неабыякавыя людзі, гатовыя шчодра падзяліцца душэўным цяплом, любоўю і клопатам. Цуд ствараюць тыя, хто заўсёды памятае, што побач ёсць дзеці, якім патрэбны дапамога і разуменне. Мы ўжо не першы год праводзім дабрачынныя акцыі па зборы падарункаў для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў. У нашай школе працуе майстэрня Дзеда Мароза, куды навучэнцы і настаўнікі прыносяць падарункі. Гэта і цацкі, і цукеркі. Настаўнік працоўнага навучання Алена Пятроўна Шкуда паказала майстар-клас па вырабе лялек-абярэгаў. Гэтыя лялькі выхаванцы падораць дзецям-сіротам і дзецям-інвалідам. Спадзяёмся, што зробленыя з чыстай душой абярэгі будуць ахоўваць дзяцей ад няшчасцяў. Мы хочам падарыць гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам часцінку цяпла, радасці і добрага настрою.
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 8-га класа.
Мастоўскі раён, Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.