Беларусь мая сінявокая! Якая прыгожая назва ў нашай краіны! Беларусь! А яшчэ мы завём яе Радзімай і Бацькаўшчынай. Радзіма – бо тут мы нарадзіліся, яна нам самая родная з усіх краін на цэлым свеце. Бацькаўшчына – бо яна нам дасталася ад нашых бацькоў. А ім ад іхніх бацькоў – нашых дзядоў. А далей – ад прадзедаў, ад прапрадзедаў… І так аж да самых далёкіх продкаў.
Ад продкаў дасталіся нам народныя песні і танцы. Вучні гімназіі любяць спяваць. Дзяўчаты і хлопцы гавораць, што шмат хараства і глыбокага зместу заложана ў беларускай народнай песні. Неўміручай красою прыцягвае песня чалавека, заварожвае меладычнасцю, душэўнай цеплынёй, абуджае светлыя памкненні, кранае сэрца і самыя глыбінныя, тонкія, патаемныя струны душы. А беларускі народны танец? Як і ўсякае мастацтва, народны танец прыносіць глыбокае эстэтычнае задавальненне навучэнцам. Дзеці кажуць, што імі валодаюць непаўторныя адчуванні ад свабоды і лёгкасці сваіх рухаў. Яна імкнуцца ў прыгожай, эстэтычнай форме танца выказаць свой настрой, свае эмоцыі, свае ўнутраныя якасці. А якія прыгожыя хлопцы і дзяўчаты ў беларускіх народных касцюмах! Беларускія народныя песні і танцы служаць невычэрпнай крыніцай развіцця сучаснай культуры нашай моладзі!
Алена Іосіфаўна САЛАМАХА, музычны кіраўнік.
г. Масты, гімназія № 1.