Вывучая гісторыю і культуру свайго краю

Из нашей почты

1d26adaad691321d2c67a75c503b0c75b499577e037ccec6108a43182e812fda

Вывучэнне гісторыі і культуры свайго краю іграе вялікую ролю ў выхаваўчай рабоце з вучнямі. Краязнаўства – гэта заўсёды любоў да роднай зямлі. Яно ўзбуджае цікавасць і выхоўвае павагу да вытокаў, да роднай зямлі. У нашай школе існуе цудоўны гісторыка-краязнаўчы музей. Маленькія патрыёты вельмі любяць яго наведваць. Музей дапамагае фарміраваць у вучняў любоў да роднага краю, да тых каштоўнасцей, таго спрадвечнага ладу жыцця, якога прытрымліваліся нашы продкі на працягу многіх стагоддзяў.

У музеі прадстаўлена вытворчая дзейнасць і хатні побыт беларускага сялянства пачатку ХХ стагоддзя. На покуці месцяцца стол, лавы. Па правай сцяне стаіць шырокі драўляны ложак. Каля яго вісіць прымацаваная да столі дзіцячая калыска, над ёй – саламяны павук. Здзіўляе сучасных дзяцей страдаўняя калыска. Ёсць у музеі куфар, кросны. Уважліва слухаюць выхаванцы экскурсавода, які расказвае ім пра кросны. Побач з кроснамі знаходзяцца прылады працы, неабходныя для ткацтва: матавіла, сукала, чаўнакі і дошчачкі. У «бабіным куце» насупраць печы ўважліва разглядаюць дзеці асноўныя кухонныя прылады. На адкрытых паліцах – посуд: гліняныя збанкі, кубкі, місачкі, якімі карысталася гаспадыня кожны дзень. Выхаванцы вельмі любяць падзяржаць у руках гэты посуд. Каля печы знаходзіцца качарэжнік (кут паміж печчу і дзвярыма), дзе састаўлены пячны інвентар – качарга, вілкі, чапяла, венік з бярозавых галінак. У кутку стаяць вагі, каромысел, начоўкі. Падыходзяць дзеці да самаробнай вешалкі для ручнікоў, разглядаюць ручнікі для рук, для твару, для выцірання посуду. А як падабаецца дзяўчынкам і хлопчыкам прыбірацца ў сялянскае адзенне!

Вывучаючы прылады працы, хатняе начынне, вырабы вяскоўцаў, дзеці бачаць сапраўдную душу народа. Можна сто разоў гаварыць пра талент, працавітасць, дасціпнасць і мудрасць беларусаў, але лепш, каб дзіця само ўбачыла абсталяванне сялянскай хаты нашых продкаў. Тады кожны вучань пераканаецца, што яму ёсць чым ганарыцца!

Валянціна Антонаўна САКОВІЧ,

настаўніца пачатковых класаў.

Мастоўскі раён,

Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *