З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Івана Пятровіча Шамякіна навучэнцы 11-га класа Казлоўшчынскай сярэдняй школы прынялі ўдзел у літаратурнай гадзіне «Не мялець душой – чытаем Шамякіна». Мерапрыемства адбылося ў гарадской бібліятэцы.
Вучні змаглі бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Івана Шамякіна. Даведаліся пра яго не толькі як пра пісьменніка, але і сцэнарыста, драматурга і проста цудоўнага чалавека.
У творчай спадчыне Івана Шамякіна – 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 п’ес, дзясяткі апавяданняў, вялікая колькасць артыкулаў і нарысаў, дзённікі. Кожны твор такі рэалістычны, нібы падгледжаны з жыцця, з сучаснымі праблемамі, канфліктамі, інтрыгамі. Творы пісьменніка прасякнуты дабрынёй і любоўю да чалавека.
Навучэнцы з вялікай цікавасцю паглыбіліся ў мастацкі свет творчай спадчыны, ужо ў назвах якой адчуваецца клопат пісьменніка пра чалавека і грамадства: «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль», «Злая зорка»…
Іван Шамякін прайшоў шлях ад вясковага падлетка да знакамітага пісьменніка. Больш чым паўстагоддзя ён аддаў працы ў літаратуры, пакінуў нам у спадчыну шмат кніг. Творы яго жывуць, жыве ўдзячнасць чытачоў. Няма сумнення, што імя пісьменніка захаваецца ў нашай памяці, бо зробленае ім значна ўзбагаціла скарбонку не толькі нацыянальнай, але і сусветнай культуры.
І.А.ЛАМАКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Дзятлаўскі раён,
Казлоўшчынская школа.