Зіма – цяжкі і складаны час для птушак. Многія з іх прылятаюць бліжэй да жылля чалавека, быццам чакаюць ад нас паратунку ад маразоў і бяскорміцы.
Задумка зрабіць кармушкі для птушак з’явілася ў навучэнцаў 4-га класа Хатыніцкай школы. Атрымала сваё права на існаванне акцыя «Пакармі птушак».
Да справы далучыліся бацькі, якія разам з дзецьмі змайстравалі кармушкі для маленькіх крылатых сяброў. Вельмі прыемна, калі таты і мамы з’яўляюцца для сваіх дзяцей выдатным прыкладам шчодрасці і неабыякавасці да навакольнага свету, дабрыні і клапатлівых адносін да крылатых істот і ўвогуле да прыроды. Колькі выдумкі ўклалі дзеці і бацькі ў гэтыя вырабы. Кожная кармушка, нібы сапраўдны шэдэўр фантазіі і майстэрства. Галоўнае цяпер – штодзень папаўняць іх ежай.
Наведваюць кармушкі розныя птушкі. Самыя шматлікія з іх – сінічкі ды верабейчыкі. Бываюць дразды, а іншы раз можна паназіраць за чырванагрудымі снегірамі.
Яшчэ у нас з’явілася незвычайная «сталоўка» для сінічак. Усе добра памятаюць, што яны любяць несалёнае сала, вучні стварылі сапраўднае свята для сініц. На елачцы развесілі кавалачкі сала і цяпер з цікавасцю назіраюць за птушкамі і кожны раз падлічваюць колькі іх сёння прыляцела.
Цяпер дзеці яшчэ з большым жаданнем і цікавасцю спяшаюцца дамоў да сваіх крылатых сяброў.
Алена Іванаўна НАУМІК,
настаўнік пачатковых класаў.
Ганцавіцкі раён, Хатынічкая школа.