Смак беларускай мовы

Из нашей почты Новости

У  Жукоўшчынскім дзіцячым садзе базавай школе  з 15 лютага 2021 года  пачаўся тэматычны тыдзень “Мова родная – мова модная!”, прысвечаны святкаванню Міжнароднага дня беларускай мовы.

         Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы. Наша мова – спадчына, якую мы атрымліваем ад нашых бацькоў і павінны перадаць  яе наступным пакаленням. А як лепш вывучаць беларускую мову? Трэба слухаць і гаварыць з тымі, хто ведае яе. Трэба глядзець тэлеперадачы, чытаць кнігі на беларускай мове. Трэба прыслухоўвацца да роднай мовы  і ўбіраць усё самае цікавае, што засталося нам у спадчыну. 

“Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”. Пад такім дэвізам 18 лютага ў рамках тэматычнага тыдня прайшла акцыя “Смак беларускай мовы”, якая была накіравана на папулярызацыю  беларускай мовы, выхаванне цікавасці  і любові да роднага слова.

Вучні  8 і 9 класаў, арганізатары  акцыі, стварылі флаеры – невялікія па памеры інфарматыўныя лістоўкі, выкананыя ў яркіх фарбах, з яскравай беларускай лексікай  і на працягу дня распаўсюджвалі іх сярод вучняў, педагогаў і работнікаў школы.

Вучні 3-4 класаў атрымалі флаеры з назвамі на беларускай мове прадметаў побыту. Вучням 5-7 класаў былі ўручаны флаеры з беларускімі назвамі  сакавітых і смачных ягад. Акрамя гэтага яны мелі магчымасць падабраць прыказкі на беларускай мове пра  час і працу, слова і мову, дом і сям’ю, сяброў, розум і веды. Настаўнікам  і работнікам школы былі прапанаваны флаеры з цікавымі рэцэптамі беларускіх нацыянальных страў. Варта адзначыць, што на працягу дня  вучні стараліся гаварыць па-беларуску і на ўроках, і на перапынках.

 

Марына ТАДАРЭНКА, вучаніца 9-га класа

Жукоўшчынскага  дзіцячага  сада-

базавай школы  Дзятлаўскага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *