З даўніх часоў так павялося, што на святы прынята дарыць падарункі. А калі яны зроблены сваімі рукамі, тады чалавек шчаслівы ўдвая. З такім падарункам можна перадаць пачуцці, настрой, цеплыню рук і душы, станоўчыя эмоцыі.
На працягу шасці гадоў у Жукоўшчынскім дзіцячым садзе–базавай школе працуе аб’яднанне па інтарэсах «Чароўны фааміран», якое наведваюць вучні 6–9-х класаў. Кіраўнік аб’яднання – педагог дадатковай адукацыі Алена Міхайлаўна Місарэвіч, майстар на ўсе рукі. Амаль усе тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Алена Міхайлаўна першапачаткова асвоіла сама. Яе цудоўныя вырабы натхнілі вучняў на працу з фааміранам, атласнымі стужкамі, тканінай, прыродным матэрыялам, бісерам. Пад кіраўніцтвам педагога яны ствараюць цудоўныя кампазіцыі і віншуюць настаўнікаў, бацькоў, аднакласнікаў са святамі, удзельнічаюць у розных конкурсах і займаюць прызавыя месцы. Так, работа Дзмітрыя Якшэвіча «Фларыстычная елка» заняла другое месца ў абласным конкурсе. Таксама другое месца ў абласным конкурсе экацацкі заняў выраб Міланы Балакір. Навучэнцы ўдзельнічалі ў раённых конкурсах «Лёд. Кветкі. Фантазія», «Калядная зорка», «Велікодны сувенір» і іншых. Да свята 8 Сакавіка працавалі над кампазіцыяй «Чароўныя півоні» і павіншавалі сваіх мам, бабуль, настаўнікаў.
Ірына Рыгораўна ЛІТВІН, бібліятэкар.
Дзятлаўскі раён,
Жукоўшчынскі дзіцячы сад–базавая школа.