Мы ўсе ведаем, што заняткі спортам – гэта вельмі важна. Спорт працягвае жыццё, паляпшае здароўе, павышае настрой. Самае складанае ў занятках спортам – гэта знайсці для спорту час. Толькі не для навучэнцаў Макараўскага ясляў-сада–сярэдняй школы.
«Спартыўная зала запрашае» – у нас не проста шыльда, а рэальнае жыццё з цікавымі мерапрыемствамі. Нават па вечарах у спартыўную залу спяшаюцца вучні, бацькі, педагогі. Паколькі ў сельскай мясцовасці не так многа месцаў, дзе можна сустрэцца і з карысцю правесці вольны час, спартыўная зала прыцягнула аматараў актыўнага адпачынку. А любімай стала камандная рухомая і энергічная гульня – валейбол. У час гульні развіваюцца не толькі фізічныя якасці, а і набываюцца пэўныя сацыяльныя навыкі. Дарослыя дапамагаюць падлеткам працаваць у камандзе, канкурыраваць, пазнаваць сябе, быць адказнымі і паважаць другіх. А паколькі гульня ў валейбол прадугледжвае яшчэ і спаборніцтвы, а значыць, перамогі і паражэнні, то дзеці вучацца пазітыўна прымаць гэтыя два варыянты.
Сумесныя спартыўныя захапленні аб’ядноўваюць бацькоў і дзяцей, умацоўваюць атмасферу ўзаемнай увагі і паразумення, чаго вельмі часта не хапае ў імклівай плыні сучаснага жыцця.
Атрымаўшы задавальненне ад руху, ад гульні, можа, нават некалькі фізічна стомленыя, але задаволеныя і шчаслівыя ўсе вяртаюцца дамоў і дамаўляюцца сустрэцца наступным вечарам.
Святлана Уладзіміраўна МАЗАВЕЦКАЯ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці.
Бераставіцкі раён,
Макараўскі яслі-сад–сярэдняя школа.