Калі хто з вас чуў хоць аднойчы, як гукаюць вясну, то ніколі аб тым не забудзецца. Гэта ні з чым не параўнальна. Да вас ізноў вернецца адчуванне юнацтва – быццам бы ўсё наперадзе.
Вясна заўсёды маладая і прыгожая! У яе вянок на галаве і сінія, як пралескі, вочы. Вясне-Вяснянцы належыць самы прыгожы і светлы вобраз у народнай творчасці з даўніх часоў. Яе малююць маладой прыгажуняй у зялёным убранні, усю ў кветках і з усмешках на вуснах. Няма нікога і нічога жывога на Зямлі, што б не імкнулася да святла і цяпла, і таму, каб паскорыць іх прыход, трэба паклікаць, або загукаць.
Вучні 3-га класа «Б» завіталі ў госці да сваіх сяброў — удзельнікаў народнага клуб ветэранаў «Памяць сэрца». Хлопцы і дзяўчаты падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне «Гуканне вясны».
Дзеці выконвалі песні-вяснянкі «Жавароначкі прыляціце», «Вясна прыйшла», вадзілі карагоды, танцавалі і нават ігралі на музычных інструментах. Вучні расказалі пра вясеннія прыкметы, якія захавалі для нас уважлівыя продкі, і пра птушку-сімвал нашай краіны – бусла, бо з даўніх часоў людзі ўслаўлялі птушак. Яны лічыліся прадвеснікамі вясны. Гаспадыні пяклі жаўрукоў з цеста, тым самым завабліваючы вясну. Дзеці пачаставалі бабуль і дзядуль печывам, якое прыгатавалі самі, а яшчэ падаравалі птушак-вяснянак, якіх зрабілі з паперы. Дарослыя спевакі падарылі дзецям свае цудоўныя песні, пачаставалі цукеркамі і падзяліліся жыццёвай мудрасцю.
Ўсе удзельнікі мерапрыемства атрымалі толькі прыемныя ўражанні, усмешкі не сыходзілі з вуснаў гледачоў і артыстаў, што і было галоўнай мэтай нашага выступу.
Спадзяемся, што зусім скора да нас прыйдзе сапраўдная вясна і абудзіць прыроду доўгага зімовага сну!
Марыя Паўлаўна СІВЯКОВА,
педагог-арганізатар.
г. Бяроза,
пачатковая школа.