Маладзёжная фарсайт-сесія з такой назвай у рамках аднайменнай рэспубліканскай акцыі, прымеркаванай да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прайшла ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.
Яна закрыла раённую тэматычную дыстанцыйную чатырохдзёнку «Моладзь Дзятлаўшчыны – за моцную і квітнеючую Беларусь!».
Сустрэча сабрала на адной творчай пляцоўцы самых актыўных членаў маладзёжнага парламента, які працуе пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, а таксама іх педагогаў.
– Канстытуцыя – наш галоўны закон, які дае беларусам шмат правоў і гарантый, якога мы ўсе павінны прытрымлівацца. – нагадала прысутным першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Кацярына Уладзіміраўна Хілімончык. – Кожны год лепшыя юныя жыхары Дзятлаўшчыны, якія праявілі сябе ў вучобе, спорце, творчых конкурсах, атрымліваюць пашпарты ад раённага кіраўніцтва. Сёлетні год не выключэнне, двум нашым чатырнаццацігадовым землякам сёлета выпаў гонар атрымаць свае галоўныя дакуметы ў абласным цэнтры і ў Канстытуцыйным судзе сталіцы.
Каардынатар дзейнасці маладзёжнага парламента, метадыст центра творчасці Ірына Анатольеўна Мішчанка прадэманстравала прысутным відэаролік па выніках раённай дыстанцыйнай чатырохдзёнкі і расказала, што навучэнцы школ актыўна прынялі ўдзел у віктарыне на веданне Канстытуцыі, піяр-акцыі «За Беларусь» і іншых важных справах.
Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага этапу абласнога конкурсу плакатаў-матыватараў «У адзінстве народным – квітней, краіна!».
Дружнымі апладысментамі сябры сустрэлі дэлегата абласной дыялогавай пляцоўкі «Маладзёжны парламентарызм: новыя кропкі росту» Алену Заяц, навучэнку Новаяльнянскай школы, якая падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Гродна і ўдзелу ў мерапрыемствах, прымеркаваных да рэспубліканскага свята «Гродна – маладзёжная сталіца-2021».
Затым юных удзельнікаў сустрэчы і іх педагогаў запрасілі ў крэатыў-студыю «Ініцыятыва+» для сварэння сацыяльна-значных праектаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі раёна – «Парламентскі фармат у дзеянні». Сярод выпрацаваных прапановаў былі: «Віртуальная маладзёжная «Дошка гонару»; праект «Разам мы адзіныя і непераможныя» па стварэнні блога і сайта па патрыятычным выхаванні, велапрабег «Дарога да памяці» па ўшанаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне; праект «Валанцёр – хуткая, добраахвотная дапамога» па розных накірунках валанцёрскай дзейнасці ў раёне.
Напрыканцы на імправізаваную сцэну выйшла госця сустрэчы – дэлегат Дзятлаўшчыны на VI Усебеларускім народным сходзе, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Сямоноўна Нікіпорчык. Яна не засталася ў баку ад работы крэатыў-студыі і прыдумала лагатып сустрэчы – «Адзінства», з дапамогай якога яшчэ раз нагадала юным землякам, што толькі разам можна заставацца незалежнымі і моцнымі.
Таццяна Сямёнаўна расказала, што важнага і цікавага пачула на ўсебеларускім форуме, і ў заключэнні свайго выступлення выказала галоўнае пажаданне моладзі Дзятлаўшчыны: «Цаніце сваіх настаўнікаў, расціце годнымі людзьмі, дасягайце ўсяго самі, сваёй самаадданай працай. Вы – будучыня Беларусі, толькі ад вас залежыць, наколькі шчаслівай, адзінай, незалежнай, квітнеючай будзе наша Радзіма!».
Ірына Леанідаўна СТЫРНІК.
г. Дзятлава,
цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.