У шосты школьны дзень не было абыякавых да традыцый Масленічнага тыдня. Весела праводзілі зіму песнямі, танцамі, гульнямі, конкурсамі і, вядома ж, блінамі навучэнцы, педагогі і бацькі Казлоўшчынскай школы.
На святкаванне Масленіцы людзі ішлі сем’ямі. Нават надвор’е ў гэты суботні дзень не скупілася ні на сонца, ні на цяпло! Жадаючых пакаштаваць бліноў, булачак, піражкоў было дастаткова. Ніхто не змог прайсці міма мілых Скамарохаў, Бабы-ягі, Кікімары, Лесуна, якія паўсталі для ўсіх ва ўсёй красе. Яны спявалі песні, віншавалі са святам і вадзілі карагоды. У гэты ж час са сцэны раздаваліся вясёлыя песні і прыпеўкі ад жыхароў нашага пасёлка.
На свяце праводзілі Зіму і сустракалі Вясну. Перамагла, вядома ж, Вясна і Зіме прыйшлося сысці. Усе з радасцю праводзілі яе і развіталіся да наступнага года.
Вядома, не абышлося без народных гульняў і забаў. Удзельнікі атрымалі не толькі зарад станоўчых эмоцый, але і прызы.
Жыхары пасёлка праводзілі доўгую зіму з надзеяй на хуткую і цёплую вясну.
Ірына Аляксандраўна ЛАМАКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Дятлаўскі раён,
Казлоўшчынская школа.