У рамках рэгіянальнага праекта «#Эканоміка. Асоба. Будучыня» вучні 8–9-х класаў наведалі ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты».
Як дазналіся падлеткі падчас экскурсіі, гэтае прадпрыемства мае сваю цікавую і багатую гісторыю. Сёння прадпрыемства выпускае больш за 150 найменняў рознай прадукцыі пад гандлёвымі маркамі «Лідкон», «Лідскія прыправы», «Tvitnik» і, вядома ж, «Хрумсцік».
А пачалося ўсё ў далёкім 1944 годзе. Адразу пасля вызвалення Беларусі краіне патрабаваліся прадпрыемствы па вырабу прадуктаў харчавання. На тэрыторыі завода Я. Л. Папірмейсцера было вырашана арганізаваць камбінат харчовых канцэнтратаў. Аб гэтым нагадвае надпіс на адным з першых будынкаў – 1881 год. Галоўны будынак былога бровара стаіць на тэрыторыі завода і цяпер. Вучні падлічылі і атрымалі лічбу 140. Значыць, у гэтым годзе будынак адзначае свой юбілей. Пазнаёміліся з гісторыяй завода школьнікі, наведаўшы музей прадпрыемства, а непасрэдна вытворчасць яны змаглі ўласна ўбачыць, калі зазірнулі ў самы салодкі цэх, дзе вырабляюць любімы ўсімі дзецьмі ласунак «Хрумсцік». Ванільныя і шакаладныя, лімонныя і мятныя, са згушчаным малаком і проста салодкія, глазураваныя і паветраныя… Пра кукурузныя палачкі вучні слухалі з асаблівай цікавасцю і адначасова назіралі, як яны вырабляюцца. Пасля знаёмства кожны змог пачаставацца кукурузнымі палачкамі на розны густ.
Першапачаткова ж, мэта наведвання вытворчасці, тычылася знаёмства з прафесіямі, якія запатрабаваны на прадпрыемстве сёння. Як упэўніліся падлеткі, на прадпрыемстве ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты» лінія аўтаматычныя, у цэху працуюць некалькі чалавек. Прафесіі на вытворчасці і цікавыя, і вельмі адказныя.
Убачылі навучэнцы і знак-сімвал прадпрыемства скульптуру зайца Хрумсціка, якая размясцілася не так даўно ва ўнутранным двары прадпрыемства. Ні адна экскурсія не праходзіць без фотасесіі з ім. Ёсць сакрэтнае слова, прамаўляючы якое, кожны атрымліваецца на фотаздымку асабліва прывабным. Але яго мы аставім у сакрэце. Чаму? Таму што кожны наведвальнік можа даведацца аб ім толькі падчас экскурсіі.
Таму раім усім наведаць самае салодкае і хрумсткае прадпрыемства Лідскага рэгіёна.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8-га класа «Б».
г. Ліда, школа № 11.