Жыццёвыя паралелі

Из нашей почты Новости

«Герою з Масквы ці з-за Дона, майму земляку ці з-за Волгі пад юным зажураным клёнам стаіць абеліск ля дарогі». Так пачынаецца верш Міхася Пазнякова «Помнік герою», які мы прачыталі на ўроку літаратурнага чытання.

Верш уразіў мяне і маіх аднакласнікаў. Многія факты аб вайне былі нам недастаткова зразумелымі і вядомымі. А яшчэ часта ў паездках ўздоўж дарог я бачыў магілы з чырвонай зоркай. Мне была цікава гісторыя іх узнікнення. Гэта падштурхнула да даследавання на тэму «Жыццёвыя паралелі з вершам Міхася Пазнякова «Помнік герою».

Па-першае, вызначыў, што аўтар Міхась Пазнякоў нездарма звярнуўся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Справа ў тым, што ў школьныя гады будучы паэт прачытаў кнігу дзіцячых успамінаў «Ніколі не забудзем». Аповеды маленькіх сведкаў фашысцкіх зверстваў настолькі ўразілі хлопчыка, што ён перачытаў у школьнай бібліятэцы ўсе кнігі ваеннай тэматыкі. Стаўшы паэтам, Міхась Пазнякоў не раз уздымаў тэму Вялікай Айчыннай вайны ў сваіх творах.

Па-другое, даведаўся, што ў Ляхавіцкім раёне ёсць две магілы невядомаму салдату: у вёсках Навасёлкі і Дрэкі. Жыццёвай ілюстрацыяй да верша «Помнік герою», на мой погляд, можна лічыць воінскае пахаванне ў вёске Дрэкі. Захавалася гісторыя яго ўзнікнення. Яна блізкая да апісаннай у творы. Падчас бою ў ваколіцах вёскі параненага салдата паклалі на лаўку каля крайняй хаты. Мясцовыя жыхары хацелі даведацца яго імя, але баец не змог вымавіць ні слова і памёр. Афіцэр забраў яго дакументы і адправіўся ў наступленне. Сяляне пахавалі салдата. З цягам часу на магіле быў устаноўлены помнік невядомаму салдату. Да цяперашняга часу мясцовыя жыхары даглядаюць за месцам пахавання.

Часта ў маёй сям’і ўспамінаюць пра Міхаіла Аляксеевіча Шкляніка – майго прапрапрадзеда, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях Вялікай Айчыннай вайны. Я распытаў сваю прабабулю Ганну Іванаўну Коктыш. З яе слоў даведаўся, што Міхаіл Аляксеевіч нарадзіўся і жыў у вёсцы Зубелевічы, працаваў шафёрам у калгасе. Фотаздымкаў яго і яго тагачаснай сям’і не захавалася.

Атрымаўшы павестку, малады хлопец пайшоў абараняць родную зямлю, а дома засталася сям’я: тата, матуля, браты і сястра. У якіх войсках і на якіх землях ваяваў мой продак нашай сям’і было невядома. Я вырашыў звярнуцца да інтэрнет-рэсурсаў. Сёння існуюць сайты, на якіх можна даведацца пра лёс воінаў Вялікай Айчыннай вайны. На сайце «Памяць народа» знайшоў звесткі толькі аб тым, што мой продак выбыў з часці 11.11.1944 гг. у зборна-перасыльны пункт. У канцы вайны Міхаіл Аляксеевіч вярнуўся дамоў з параненаю нагою. Яго доўга лячылі, але пайшло заражэнне крыві. Паранены памёр 15 лютага 1945 года і быў пахаваны ў вёсцы Зубелевічы, аб гэтым ёсць запіс у кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён», якая захоўваецца ў нашай сям’і. Яго імя і гэтая дата выбіты на брацкай магіле ў вёсцы Зубелевічы.

Кожны дзень я іду ў школу каля гэтага помніка і з гонарам і пашанай пазіраю на чырвоную зорку, якая высіцца над імёнамі абаронцаў маёй Радзімы.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны трывожыць і хвалюе мяне. На шчасце, я не бачыў такіх страшных момантаў у сваім жыцці. Але сучасныя творы мастацтва, музеі і помнікі дапамагаюць вельмі рэалістычна ўявіць сабе гістарычную праўду.

Зусім нядаўна, я з вучнямі Начаўскай сярэдняй школы наведаў комплекс «Лінія Сталіна». Уважліва слухаў экскурсавода, які расказваў аб гераічнай абароне Радзімы. Нам паказалі ваенную тэхніку 40-х гадоў і сучасную, абарончыя збудаванні і прыстасаванні. Я спрабаваў уявіць сябе на месцы тых салдатаў, якія стралялі да апошняга патрона, кідаліся на варожыя кулямёты, ахвяравалі сабою дзеля перамогі над ворагам. Ці змог бы я так зрабіць? Не магу адказаць на гэтае пытанне. Напэўна, таму, што маё дзяцінства – гэта школа, гульні і сябры, а не зямлянка, выбухі і страх. За шчаслівае мірнае жыццё я дзякую свайму продку Міхаілу Аляксеевічу Шкляніку і тысячам салдатаў, якія не шкадавалі сіл для перамогі над фашысцкім зверам. Дзякуй табе, дзядуля!

Алег ТАЎПЕКА, вучань 4-га класа,

карэспандэнт школьнай газеты «Новы погляд».

Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *