З вучнямі наведалі мемарыяльны комплекс «Шавулічы». Усё далей і далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам усё менш тых, хто быў непасрэдным удзельнікам ваенных падзей, тых, каму давялося сваімі добрымі дзіцячымі вачыма зазірнуць у бязлітасныя халодныя вочы смерці.
Здавалася б, з часам боль сціхне, раны на сэрцы чалавечым зарубцуюцца, і памяць забудзе ўвесь жах тых гадоў. Але ці так гэта? Не! Вельмі шмат бед і нягод перанёс наш народ. Вось адзін з трагічных прыкладаў – у Беларусі спалена 619 вёсак, 136 так і не адрадзіліся да жыцця. Вёска Шавулічы ў Ваўкавыскім раёне стала сястрой Хатыні. Да лета 1943 года тут была шматлюдная беларуская вёска. Велімі прыгожая. Двухпавярховая школа з вялікімі вокнамі, пабудаваная напярэдадні вайны. Дабротны ветраны млын з моцнымі крыламі. Хаты з жасцянымі дахамі, а гумно і хлявы з саламянымі. Вуліца з вішнямі па адзін бок, па другі – са слівамі. А заквітнеюць вясной – усе жыхары радаваліся такой прыгажосці. На жаль, усяго гэтага няма. Толькі сумная карціна адкрываецца погляду: невялікія драўляныя зрубы – сімвалы на месцы згарэлых дамоў. На кожным з іх нумар дома і прозвішча главы сямейства, якое тут пражывала. У двух зрубах сваякамі ўстаноўлены помнікі. На адным ёсць невялікая фатаграфія членаў сям’і і імёны з датамі нараджэння. У цэнтры – бронзавы колакал памяці і смутку з ярка-чырвонай стужкай. Яго сумны звон болем адклікаецца ў сэрцах кожнага з нас. Крыху наводдаль – помнік з гранітнай плітой, на якой імёны загінуўшых, каля падножжа – кветкі. Яшчэ адзін помнік – воін і дзяўчына. Два паклонныя крыжы – праваслаўны і каталіцкі, мірна жылі тут людзі розных канфесій. Вуліца, выбрукаваная каменем, – гэта па ёй ішлі ў свой апошні шлях старыя, дзеці, жанчыны. Дзве брацкія магілы – у пачатку і ў канцы вёскі. І зноў зрубы, зрубы… Чорнага колеру зрубы. І тонкія, стройныя і маладыя бярозы. Яны сумна схілілі свае галіны і ціхенька шалясцяць, быццам баяцца парушыць пакой гэтага журботнага месца.
Трагедыю Шавуліч забыць нельга. У ваколіцах паселішча 6 ліпеня быў забіты нямецкі афіцэр. Гітлераўцы не сталі разбірацца і адразу абвінавацілі мясцовых жыхароў. У вёсцы жылі ў асноўным жанчыны, дзеці і старыя. На досвітку наступнага дня, 7 ліпеня, фашысты ў тры колы акружылі вёску. Людзей сагналі на плошчу, праверылі па спісах камендатуры. Мужчын заставілі капаць сабе магілы, а затым расстралялі 366 чалавек, з іх 120 дзяцей, самаму маленькаму дзіцяці было ўсяго два дні. Пасля расстрэлу жыхароў вёскі ўсе пабудовы і хаты падпалілі, яны гарэлі цэлыя суткі. Відавочцы ўспаміналі, што пасля карнай аперацыі абпаленая зямля ў Шавулічах варушылася яшчэ некалькі дзён. Пасля вайны вёска не адрадзілася. Сёння на месцы яе пабудаваны мемарыяльны комплекс, дзе кожны год 7 ліпеня вельмі мнагалюдна. З усяго Ваўкавыскага раёна і з другіх куточкаў Беларусі збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць загінуўшых жыхароў вёскі Шавулічы. Гэты боль немагчыма зразумець і прыняць. Застаецца толькі памятаць і не забываць, якім коштам нашаму народу дасталася Вялікая Перамога.
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 8-га класа.
Мастоўскі раён,
Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа.