Не першы год вучні 8-га класа «Б» прымаюць актыўны ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных месцаў.
Усім добра запомніўся ўдзел ў квэсце «Падарожжа па вуліцы Віленскай», дзе школьнікі змаглі пазнаёміцца з самай старажытнай вуліцай роднага горада і даведацца аб аб’ектах, якія сёння з’яўляюцца візітнымі карткамі Ліды. Мінулы год вучні прайшлі пешаходнай экскурсіяй «Лідскімі дарогамі Валянціна Таўлая». Шмат цікавых фактаў з жыцця паэта пачулі яны і ўбачылі ўласна мясціны, дзе жыў, працаваў і, нават, сядзеў за кратамі ў часы Вялікай Айчынай вайны Валянцін Паўлавіч.
У гэтым годзе фармат удзелу быў зменены. У шосты школьны дзень арганізавалі фотавыставу «Помнікі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі». Трэба сказаць, што васьмікласнікі ўжо чацвёрты год з’яўляюцца членамі школьнага прэс-цэнтра «Вялікі перапынак», і менавіта на чарговым занятку правялі імпрэзу сваіх фотаздымкаў, зробленых падчас падарожжаў па розным куткам Беларусі. Кожны з юных фотамастакоў падзяліўся сваімі ўраджаннямі ад убачаных выяў і з задавальненнем расказаў, дзе і калі яны зрабілі свае фотаздымкі. Такім чынам, вучні нават змаглі правесці невялікую інтэлектуальную гульню «Што? Дзе? Калі?»
На здымках, сапраўды, можна было ўбачыць гісторыка-культурныя аб’екты розных куткоў Беларусі: Сафійскі сабор ў Полацку, Мірскі і Нясвіжскія замкі, касцёл Святой Троіцы ў Гервятах, Сынкавічскую царкву, царкву ў Мураванцы, сабор Святога Архангела Міхаіла ў Лідзе, Каложскую царкву і шмат іншых цікавых аб’ектаў.
Абмен ураджаннямі выклікаў ў васьмікласнікаў жаданне працягнуць знаёмства з помнікі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і на летніх канікулах абавязкова здзейсніць сямейныя падарожжы, каб уласна пабачыць іншыя цікавыя будынкі і аб’екты Радзімы.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8-га класа «Б».
г. Ліда, школа № 11.