З любоўю да роднага краю

Из нашей почты Новости

Завозерская дзіцячы сад–базавая школа знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, у непасрэднай блізкасці да прыроды, якая з’яўляецца натуральнай лабараторыяй для краязнаўчага і экалагічнага выхавання.

Мы жывём на Полаччыне, на тэрыторыі з багатым гістарычным мінулым. За што мы любім свой край? З чым звязаны асаблівасці прыроды малой радзімы? Якія таямніцы гісторыі, геаграфіі хаваюць знаёмыя мясціны?Адказы на пастаўленыя пытанні паспрабавалі знайсці ў ходзе рэалізацыі раённага праекта «Экскурс у гістарычнае мінулае малой радзімы».

Задума аб стварэнні праекта належыць дырэктару ўстановы адукацыі Таццяне Уладзіміраўне Бацюлёвай, якая нарадзілася і вучылася ў гэтых мясцінах, скончыўшы Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут, вярнулася працаваць у суседнюю вёску. На тэрыторыі ўстановы адукацыі пад кіраўніцтвам Таццяны Уладзіміраўны быў створаны музейны куток «Сялянская сядзіба пачатку ХХ ст.». Вучнямі распрацавана экскурсія «Побыт нашых продкаў пачатку ХХ ст.», якая знаёміць з жыццём, традыцыямі, культурай, побытам нашых продкаў. На базе музейнага кутка праводзяцца народныя святы «Багач», «Масленіца», «Каляды», «Камаедзіца».

У ходзе рэалізацыі праекта быў створаны тэматычны куток «Хутарок», які стаў упрыгожваннем школьнай тэрыторыі. Працягам працы над праектам з’яўляецца стварэнне архітэктурных макетаў будынкаў, якія існавалі на тэрыторыі Гомельскага сельсавета ў XIX-XX стст.: Гомельская ГЭС, маёнтак Пуцяты, сялянская сядзіба пачатку ХХ ст., вадзяны млын. Праз практычную дзейнасць вучні спазнаюць сталярную і рамесную справы, а праз пошукова-даследчую дзейнасць паглыбляюць веды па гісторыі свайго роднага краю.

Падчас рэалізацыі праекту вучні ўдзельнічалі ў раённым праекце «Краіна дзяцінства майго», пошукова-даследчай дзейнасці, прымалі ўдзел у раённых, абласных краязнаўчых канферэнцыях. Вучнямі былі створаны творчыя праекты і даследчыя работы. Артур Пышкоў, вучань 7-га класа, зацікавіўся пытаннем, як жылі вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адказам на пытанне стала даследчая работа «Жылі-былі вёскі…». Вучаніца 9-га класа Анастасія Кубліцкая зацікавілася гісторыяй вёсак і гэта стала вынікам даследчай работы «З гісторыі населеных пунктаў Гомельскага сельсавета Полацкага раёна». Сцяпан Пашкевіч, вучань 9 класа, – аўтар творчай работы «Мая сям’я – маё багацце».

У выніку краязнаўчай працы навучэнцы сталі больш цікавіцца гісторыяй і культурай аграгарадка, вобласці і раёна. Работа, якая праводзіцца ўстановай адукацыі, дапамагае ім выбраць і сфарміраваць сваю сістэму каштоўнасцей, у якой на адным з першых месцаў стаіць патрыятызм, а пачынаецца ён з любові да сваёй малой радзімы.

Інга Андрэеўна КАРАВАЦКАЯ,

настаўнік гісторыі.

Полацкі раён,

Завозерская дзіцячы сад–базавая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *