У Дзятлаве рэалізавана ініцыятыва членаў Маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў – высаджана алея каля абеліска Славы.
Удзел у пасадцы дрэўцаў каля помніка прынялі пяць дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Аляксандрам Станіслававічам Бараноўскім, восем членаў Маладзёжнага парламента з каардынатарам дзейнасці Ірынай Анатольеўнай Мішчанка, намеснік дырэктара ДЛГУ «Дзятлаўскі лясгас» па ідэалагічнай рабоце Аляксей Вячаслававіч Урбановіч.
Як зазначыў Аляксандр Станіслававіч, для пасадкі была выбрана рэдкая для нашага раёна парода дрэваў – лістоўніцы. Спыніць выбар менавіта на іх у час асабістага прыёму ў старшыні райвыканкама Андрэя Уладзіміравіча Садоўскага прапанавала ляснічы Лявонавіцкага лясніцтва Ірына Мікалаеўна Міміш. А ініцыятыва пасадзіць алею разам з дэпутатамі райсавета ў час нядаўняга сумеснага пасяджэння прагучала ад членаў Маладзёжнага парламента ў рамках раённага праекта «#Парламенскі фармат у дзеянні!».
– Колькасць дрэўцаў сімвалічная – 21 саджанец, – патлумачыў Аляксандр Станіслававіч. – Гэта і наша ХХІ стагоддзе, і 2021 год – Год народнага адзінства, ёсць яшчэ адна важная дата – 80-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ў памяць загінулых абаронцаў горада і землякоў у Дзятлаве ўзведзены абеліск Славы. Нагодаў для мерапрыемства шмат, аднак галоўнае, што ініцыятыву праявіла моладзь.
– Маладзёжны парламент пры раённым Савеце дэпутатаў на Дзятлаўшчыне быў створаны ў 2018 годзе, – зазначыла каардынатар яго дзейнасці, метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Ірына Анатольеўна Мішчанка. – Поўны яго склад – 15 самых актыўных, крэатыўных вучняў школ нашага раёна. У скарбонцы добрых спраў – больш за 70 рэалізаваных праектаў. Радуе, што каля абеліска Славы вырастуць 21 маладое дрэўца. Лістоўніцы будуць нагадваць нам пра подзвігі продкаў і добрыя справы сучаснікаў, каб неразрыўнай заставалася сувязь пакаленняў.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства.
Марына Леанідаўна Бортка, дэпутат раённага Савета дэпутатаў:
– Няхай дрэўцы растуць вялікімі, моцнымі, здаровымі. Пасадзіць маладзенькія саджанцы не вельмі складана, затое пасля шмат гадоў дрэвы будуць радаваць нас сваёй прыгажосцю, тым больш, што лістоўніцы для Дзятлава пакуль – рэдкасць.
Данііл Гародка, навучэнец гімназіі № 1:
– Сваё дрэўца я пасадзіў упершыню ў жыцці і атрымаў ад гэтага вялікае задавальненне. Думаю, такі вопыт абавязкова спатрэбіцца мне ў далейшым. Цудоўна, што ініцыятыва маладзёжнага парламента была падтрымана, і мы разам з дэпутатамі раёна ажыццявілі такую карысную справу.
Анастасія Шавель, навучэнка школы № 3:
– Настрой цудоўны! Вельмі спадабалася мерапрыемства. Цяпер 21 дрэўца будзе расці і радаваць дзятлаўчан. Падобныя справы лічу вельмі важнымі як для самой моладзі, так і для нашага горада.
Ірына Леанідаўна СТЫРНІК.
г. Дзятлава,
цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.