Адкрыты дыялог «Чарнобыль: лёсы, падзеі, памяць»

Из нашей почты Новости

 

Напрыканцы красавіка ў школах Лідскага раёна праходзіла дэкада грамадска-патрыятычных спраў «Чарнобыль. Праз 35 гадоў». Шэраг мерапрыемстваў было арганізавана і ў лідскай школе № 11. Адным з самых значных і цікавых для вучняў 7–9-х класаў стаў удзел у адкрытым дыялозе «Чарнобыль: лёсы, падзеі, памяць».

Увазе школьнікаў была прадстаўлена даследчая праца вучняў 8-га класа «Б» «Лёсы людзей пад крылом Чарнобыльскай трагедыі», якая заняла 2-е месца на абласным этапе рэспубліканскага праекта «Чарнобыль: скрозь прызму дзесяцігоддзяў». Аўтары даследчай працы пазнаёмілі ўдзельнікаў адкрытага дыялога з жыццёвымі гісторыямі лідчан, якія з’яўляліся ўдзельнікамі ліквідацыі наступстваў катастрофы, з лёсамі перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Трэба адзначыць, што асноўнай крыніцай інфармацыі стала раённае выданне «Лідская газета», на старонках якой у розныя гады гэтыя гісторыі былі апублікаваныя. Юныя даследчыкі сабралі ўвесь матэрыял, правялі шэраг абмеркаванняў, вызначылі ключавыя моманты – ў выніку ўсяго даследчая праца стала абагульняючай і грунтоўнай.

Так, выступаючы перад навучэнцамі васьмікласнікі распавялі пра лёс падпалкоўніка ў адстаўцы Валерыя Завірухіна – удзельніка ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС, а таксама лёс былога міліцыянера Віталя Аксёнава – тады, у 1986-м, яму было ўсяго 25, і ён у ліку 35 супрацоўнікаў праваахоўных органаў з усёй Беларусі ўвайшоў у склад узвода, накіраванага ў Чарнобыльскую зону. Пра лёс сям’ей Беспятых, Міхаленкі, Шпалянскіх і многіх іншых, вымушаных сарвацца з абжытых месцаў і з’язджаць у іншыя рэгіёны.

Праслухаўшы матэрыялы даследавання, ў удзельнікаў адкрытага дыялога ўзнікла шмат пытанняў. Вучні змаглі задаць іх і атрымаць кампетэнтныя адказы ў ходзе абмеркавання сумесна з класнымі кіраўнікамі.

Школьнікі змаглі віртуальна наведаць памятныя месцы Беларусі, дзе ўвекавечаны ў камені падзеі 35-гадовай даўніны. Віртуальнае падарожжа вучням прапанавала зрабіць інфармацыйная група 8-га класа «Б».

Ячшэ адным ўражлівым момантам стала прапанова наведаць віртуальна мастацкую галерэю, дзе, намаганнямі вучняў 7-га класа «Б», сабраны карціны беларускіх мастакоў, прысвечаныя тэме Чарнобыльскай трагедыі. Вучні не проста зрабілі агляд карцін, а пачулі іх гісторыі, адчулі боль і трагедыю, якую перадалі на сваіх палотнах мастакі.

Словы падзякі выступоўцам за цікавы матэрыял і карысную інфармацыю сталі самай высокай адзнакай адкрытага дыялога «Чарнобыль: лёсы, падзеі, памяць». А для настаўнікаў гэта значыць, што памяць жыве і маладое пакаленне ставіцца да яе з усёй адказнасцю.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *