Час няўмольна рухаецца наперад, пакідаючы за сабой важныя падзеі і даты ў жыцці краін і народаў. Але ёсць падзеі, якія непадуладныя часу, якія назаўсёды застаюцца ў памяці народнай. Такой падзеяй стала Вялікая Айчынная вайна. Праходзіць час, усё далей і далей углыб часоў сыходзіць Перамога. Але памяць пра яе патрэбна і цяперашняму, і будучым пакаленням як яркі прыклад самаахвярнага служэння народу сваёй Айчыне, сярод якога былі нашы бацькі і маці, нашы дзядулі і бабулі. Памятаць пра абаронцаў Айчыны наш маральны абавязак.
Навучэнцы Азёрскай школы ў рамках інфармацыйнага-адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна» сустрэліся з Ліліяй Васільеўнай Кашанковай, старшынёй Гродзенскай раённай арганізацыі «Надзея» ГА «Беларускі саюз жанчын». І гэта невыпадкова, бо тэма адзінага дня інфармавання – «Глядзі і памятай» (да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны).
Мадэратарам мерапрыемства выступіла класны кіраўнік 9-га класа Наталля Сяргееўна Рэкець. У фокусе абмеркавання – подзвіг воінаў, веліч і сіла духу людзей, захаванне памяці пра падзеі вайны, пачуццё гонару за сваю краіну.
Лілія Васільеўна актыўна супрацоўнічае з моладдзю ў рамках рэалізацыі праектаў, якія ўключаюць вялікі пласт патрыятычнага напрамку: «Рэха вайны ў дзіцячых сэрцах», «Захаваем памяць – ўмацуем будучыню», «Галасы дзяцей вайны». На сустрэчы гучалі гісторыі людзей, якія не па чутках ведаюць усе жахі вайны. Гісторыі простых людзей да глыбіні душы кранулі прысутных. Лілія Васільеўна падкрэсліла важнасць працы з моладдзю для ўшанавання памяці аб Вялікай Перамозе і аб подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захавання гістарычнай і сямейнай памяці.
Святлана Уладзіміраўна ЛЕБЯДЗЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.
Гродзенскі раён,
Азёрская школа.