Шляхамі гісторыі

Из нашей почты Новости

31 мая мы з вучнямі 6–8-х класаў адправіліся ў падарожжа па родных мясцінах.

Шлях прывёў нас у вёску Пацэвічы, якая знаходзіцца на паўднёвым захадзе Мастоўскага раёна. Ёсць здагадка, што назва вёскі пайшла ад прозвішча вядомага ў Беларусі магнацкага роду Пацаў, прадстаўнікі якога займалі важныя дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і валодалі шматлікімі маёнткамі ў Прынеманскім краі. Недалёка ад вёскі, на беразе ракі Зяльвянкі, прыкладна ў пачатку XIX стагоддзя быў пабудаваны млын, дзе сяляне малолі зерне, вальцавалі муку. Падчас вайны млын быў разбураны, плаціна знішчана, застаўся адзін падмурак і руіны.

Накіраваўшыся на паўночны захад, апынуліся ў лесе, мясцовая назва якога – «Доўгі». Тут на скрыжаванні дарог знаходзяцца рэшткі старога помніка ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

На скрыжаванне дзвюх вуліц вёскі Пацэвічы знаходзіцца помнік загінуўшым землякам і магіла малодшага лейтэнанта Пятра Дзмітрыевіча Чармённава, які загінуў пры вызваленні вёскі. У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска апынулася ў тыле ворага. 47 аднавяскоўцаў пайшлі на фронт на абарону Радзімы, 18 з іх не вярнуліся дадому. Тры доўгія гады цягнуўся змрочны перыяд акупацыі. 13 ліпеня 1944 года пачаўся жорсткі бой за вызваленне. У тым баі малодшы лейтэнант П. Д. Чармённаў атрымаў смяротнае раненне ў абедзве нагі. Калі фашысты адступілі, жыхары пахавалі маладога афіцэра каля капліцы за вёскай. Толькі праз 30 гадоў стала вядома яго імя. У канцы 70-х гадоў ХХ ст. Пётр Чармённаў быў перапахаваны ў цэнтры вескі. Помнік землякам і магіла Чармённава знаходзіцца ва ўзорным парадку. Землякі шануюць памяць аб тых, хто заваяваў для іх свабоду.

Паблізу вёскі знаходзіцца капліца Святой Ганны. Паводле легенды, каля 150 гадоў таму назад тут пачала з’яўляцца жанчына са свечкай у руцэ. Гэта была Прамаці Хрыста – Праведніца Ганна. Калі да яе набліжаліся людзі, жанчына знікала. Тагачасны святар Самуйлавіцкай царквы Сава Кульчыцкі прыняў рашэнне пабудаваць капліцу, у падмурак якой будзе пакладзены той самы камень, ля якога з’яўлялася Праведніца.

У паўтара кіламетрах ад Пацэвіч знаходзіцца вёска Самуйлавічы. Каля дарогі паміж вёскамі знаходзіцца памятны знак, дзе раней стаяла круглая вежа. Яе фотаздымак знаходзіцца ў Гродзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі, але і там няма звестак, калі і навошта яна была пабудавана. Ёсць здагадка, што гэта быў межавы знак зямельных уладанняў графа Аскіркі, які валодаў Самуйлавічамі, і магнацкага роду Пацаў, якія валодалі Пацэвічамі. А магчыма, гэта была частка ўязных варот. Па іншай версіі, гэта знак таго, што побач быў размешчаны цагельны завод. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што гэта стары верставы слуп часоў Кацярыны ІІ. На карысць гэтага сведчыць тое, што куты падмурка накіраваны строга па баках свету: на поўнач, захад, усход і поўдзень.

Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,

класны кіраўнік 8-га класа.

Мастоўскі раён.

Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *