Пазнаём родны край

Из нашей почты Новости

Вясёлае звонкае лета – час адпачынку, цікавых паходаў, экскурсій, вандровак. У кожнага ёсць магчымасць спасцігнуць штосьці новае, запамінальнае.

Вучні 7-10-х класаў пад кіраўніцтвам класных кіраўнікоў Марыі Уладзіміраўны Балінскай, Ганны Генадзьеўны Барушка, Алены Зыгмундаўны Пажарыцкай здзейснілі турысцкі паход у мястэчка Больценікі, якое цесна звязана з імем Адама Міцкевіча, пазнаёміліся з культурна-гістарычнай і прыроднай спадчынай роднага краю.

У час падрыхтоўкі да паходу вучням была прапанавана літаратура, знаёмства з якой дала магчымасць спачатку завочна больш дэталёва пазнаёміцца з гэтымі мясцінамі, атрымаць пэўную інфармацыю.

Мноства ўражанняў засталося ад наведвання сядзібна-паркавага комплексу Путкамераў у Больценіках. Здзівілі сваёй арыгінальнасцю печкі і каміны з брытанскай кафлі, дзверы ды элементы лепкі на сценах. Экспанаты, сабраныя ў музейным пакоі, – сведкі часу і падзей, звязаныя з імем славутага паэта Адама Міцкевіча, выклікалі цікавасць.

Турысты пабывалі ў парку, цудоўны від якога захапляе сваёй прыгажосцю, сустрэлі рэдкія для тутэйшых месцаў пароды дрэў, прайшліся па цяністых алеях. Чытанне вершаў Адама Міцкевіча дапамагло вучням адчуць і ўявіць той час, калі жыў вялікі паэт.

Наведалі ўрочышча «Гаік» – месца сустрэч Адама і Марылі. Пачутая гісторыя пра іх каханне, якая быццам саткана з легендаў, зачаравала сваёй таямнічасцю і незвычайнасцю, выклікала ў душы прысутных спачуванне. Тут па-ранейшаму стаіць велізарны валун з выявай невялікага крыжа – знакам вечнага кахання адзін да аднаго.

Жыхары мястэчка сцвяржаюць: калі дакрануцца да валуна і загадаць жаданне, – яно абавязкова збудзецца. У гэтым паспрабавалі пераканацца і нашы турысты.

Падчас паходу вучні ўсвядомілі, што захаванне  помнікаў гісторыі і культуры – гэта справа і абавязак кожнага чалавека.

Іван Францавіч ГАБІС,

педагог сацыяльны.

Воранаўскі раён,

Паляцкішская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *