Пасядзелкі ў бабулі Мані

Из нашей почты Новости

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына… Ах, як жа хораша зазірнуць у мінулае і паглядзець, чым займаліся і як жылі нашыя продкі!

Дзякуючы мінуламу мы маем асалоду жыцця цяперашняга і працягваем наша будучае. На жаль, сённяшнім днём кожны з нас большую частку свайго вольнага часу праводзіць за камп’ютарамі, перад экранамі тэлевізараў, тэлефонаў, канулі даўнейшыя сардэчныя цёплыя пасядзелкі за сталом усёй сям’і, ад малых дзяцей да сівавалосых бабуль і мудрых прадзедаў.

А вось дзеці аздараўленчага лагера «Гадуем патрыётаў» Мажэйкаўскага дзіцячага сада–сярэдняй школы і дарослыя аграгарадка Мажэйкава пабывалі ў тым часе, калі не было смартфонаў, камп’ютараў, калі на вяселлі гуляла ўся вёска, граў не сучасны магнітафон, а гарманісты, дудары, гусляры, хлеб пяклі не ў духавой шафе, а ў печы, а муку для хлеба малацілі самі, не куплялі ў краме, калі жанчыны ткалі прыгожыя рушнікі, а мужчыны даглядалі дзялкі. Як жа атрымалася ў дзяцей і дарослых  пабачыць гэтыя цудоўныя моманты, спытаецеся вы? Адказ просты.

У рамках акцыі «Роднае – народнае!» выхаванцы аздараўленчага лагера ўзгадалі тое, што ведаюць пра гісторыю свайго маленькага куточка, чым ён славіцца, чым багаты. Аднак захацелася і пачуць з першых вуснаў, як жылі і працавалі людзі на Мажэйкаўскай зямлі. Таму дзеці разам з работнікамі Мажэйкаўскага дома культуры вырашылі зладзіць свята. Дырэктар дома культуры Аксана Антонаўна Жукава з радасцю падтрымала такую прапанову.

Дзеці прыбраліся ў нацыянальныя касцюмы: хлапчукі туга падвязалі кашулі, надзелі саламяныя капялюшы, дзяўчынкі – прыгожыя спадніцы і фартухі з беларускай вышыванкай.

Галоўным госцем свята стала Марыя Аляксандраўна Новікава – шчырая, добразычлівая, адкрытая, шчодрая 80-гадовая бабуля, старажыл вёскі Малое Мажэйкава. Усе з захапленнем слухалі цікавыя гісторыі з жыцця бабулі Мані (так ласкава называюць яе местачковыя), якая неаднойчы падкрэсліла, што некалі было зусім інакш: атрымаць адукацыю было складана, бо работы было шмат, а рабіць трэба, а не то будзеш без кавалку хлеба і куска зямлі. Марыя Аляксандраўна расказала, як калісьці моладзь бавіла час доўгімі зімовымі вечарамі, як паважалі традыцыі, спраўлялі святы. Выкарыстоўваючы музейныя прадметы, паказала, як у даўніну пралі і ткалі, як з дапамогай жорнаў можна было малаціць муку. Многія з музейных экспанатаў, якія знаходзяцца ў Мажэйкаўскім доме культуры, належаць менавіта Марыі Аляксандраўне. Тут можна ўбачыць і калаўрот, і сатканы яе рукамі рушнік.

Пра складаную працу людзей пагаварылі, надыйшоў час адпачынку. Ох, з якім натхненнем дзеці і дарослыя ўспаміналі беларускія народныя танцы! Пад музыку акардэона, на якім так шчыра граў акампаніятар ансамбля «Каханачка» Юрый Генрыхавіч Шмара, усе кінуліся ў пляс. Рэжысёр Алена Ўладзіміраўна Венска так эмацыянальна расказвала выхаванцам пра беларускія народныя танцы, што тыя захацелі ім навучыцца. Хочаце? – Навучым. Дзеці пад кіраўніцтвам Аксаны Антонаўны і Алены Ўладзіміраўны так бойка і шпарка танцавалі «Гапак» і «Кракавяк», што немагчыма было адвесці не толькі вачэй, але нават і камеры тэлефонаў. Менавіта ў гэты момант і перапляліся мінулае і сучаснае. Відэаролік, зняты падчас танцаў, трапіў і ў сацыяльныя сеткі, дзе бацькі і сябры маглі таксама паглядзець на таленавітых дзяцей і нават навучыцца народным танцам.

Натхненная танцамі бабуля Марыя нечакана заспявала беларускую народную песню «Кукавала зязюля», якую калісьці спявала разам з матуляй, працуючы ў полі, калі сядзелі за калаўротам і ткалі прыгожыя дываны і вышывалі рушнікі. Наступіла цішыня. Дзеці былі вельмі ўражаны. Яны ніколі не чулі песен, у якіх гучыць трывога і радасць, адчай і вера, трапяткое каханне, шчымлівае прызнанне ў адданай любові да роднай старонкі і да яе легендарнага мінулага. Марыя Аляксандраўна паабяцала навучыць словам гэтай і яшчэ шмат іншых старажытных песняў і, уздыхнуўшы, зноў параўнала мінулае і сучаснае. Чаму яна так шмат ведае песен? Таму што песні раней, як і цяпер, заўсёды былі побач з людзьмі: ідзеш у поле – спяваеш, жнеш калоссі – пяеш, гатуеш вячэру – таксама с песняй, а як жа ж без калыханак. З песняй было лягчэй і весялей жыць. А сёння моладзь спявае мала, бо толькі слухае песні з гаджэтаў. Аднак, падчас свята ўсе забыліся пра існаванне тых самых гаджэтаў, бо бабуліны песні былі настолькі прыгожыя, што разам с ёй хацелася іх і спяваць, і граць. Бабуля Марыя сказала, што было шмат музычных інструментаў, у тым ліку і падручных. Кожны з дзяцей папрасіў сыграць на якім-небудзь музычным існтруменце. Зноў наступіла цішыня. Усе падрыхтаваліся да выступлення. Дзяўчаткі шчыра гралі лыжкамі, хлапчукі вадзілі дзеравяннымі палачкамі па рубелі і пральнай дошцы, білі ў барабаны. Марыя Аляксандраўна спрытна грала на кругавой трашчотцы, Аксана Антонаўна і Алена Уладзіміраўна прыгожа спявалі пад такія гучныя мелодыі, а Юрый Генрыхавіч усё гэтак жа хораша граў на акардэоне. І гэта выступленне таксама не засталося без відэароліка на памяць. Ну хіба гэта не цуд?

Свята атрымалася. Прыемнае і незабыўнае ўражанне адтрымалі як дзеці, так і дарослыя. Такое свята прынесла задавальненне, добры настрой, пачуццё гонару і павагі да сваёй роднай зямлі і яе таленавітых людзей, да бясцэннай спадчыны нашага народа, да роднага беларускага слова. З глыбокай павагай да Марыі Аляксандраўны словы шчырай падзякі выразілі не толькі дзеці, але і ўдзельнікі ансамбля «Каханачка» Мажэйкаўскага дома культуры, якія таксама з вялікай зацікаўленасцю слухалі бабулю, танцавалі і спявалі разам з ёй.

Сапраўды, хто мы без роднага слова, без песні, без казкі, без танца… Шчасце, што ёсць сярод нас такія людзі, здольныя замілавана і з захапленнем услаўляць вобраз спадчыны, мову сваёй зямлі, традыцыі бацькоў і продкаў як старажытную, спрадвечную каштоўнасць, крыніцу багацця нацыянальнай душы, яе самабытнасць, напоўненную жыццёвай мудрасцю і прыгажосцю.

Алёна Раманаўна КАРОЦІНА,

Ларыса Расціславаўна МАРОЗ,

настаўнікі.

Лідскі раён,

Мажэйкаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *