Выхаванцы аздараўленчага лагера «Экаландыя» вельмі любяць падарожнічаць і за смену шмат дзе пабывалі.
Самымі запамінальнымі сталі экскурсіі ў Правамастоўскі эколага-біялагічны цэнтр, да мемарыяльнага комплекса «Шымкі» і ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.
У эколага-біялагічным цэнтры хлопчыкаў і дзяўчынак сустракала метадыст Вольга Васільеўна Байгот. Яна расказаць пра жывы вугалок і пазнаёміла нас з яго жыхарамі: чарапашкамі, папугайчыкамі і кролікамі. Дзеці наведалі сад і аддзел кветкаводства і з захапленнем слухалі аповед пра розныя раней незнаёмыя расліны і дрэвы. Сваім велічным выглядам і прыроднай прыгажосцю зацікавіла цюльпанавае дрэва. Яго магутны ствол і галіны ўтвараюць раскідзісты цень – пад дрэвам прыемна адпачываць у спякотны дзень. Нажаль, дрэва на той момант не цвіло. Як сказала Вольга Васільеўна ў перыяд цвіцення яно набывае проста казачны выгляд: пяшчотныя наразныя кветкі, падобныя па форме на цюльпаны, маюць яркую афарбоўку.
Дырэктар цэнтра Кацярына Юр’еўна Рэкуць правяла з дзецьмі ШАГ па тэме «Дакажам справай, што нездарма на нас спадзяецца Зямля», прысвечаны Сусветнаму дню аховы навакольнага асяроддзя. Затым гасцінныя гаспадары цэнтра пачаставалі дзяцей гарбатай з лекавых траў.
Пазнавальнай выдалася экскурсія па маршруту «Пескі–Шымкі–Пескі». Спачатку наведалі Свята-Траецкую шчарскую крыніцу, якая ўзнікла на месцы знішчанай фашыстамі царквы. Вада ў ёй дзіўна чыстая, халодная, не замярзае нават у самыя лютыя маразы. Ходзяць легенды, што яна вылечвае людзей ад розных хваробаў. Недалёка ад крыніцы захаваліся рэшткі старой дзягцярні, якая працавала пасля вайны, тут выганялі смалу. Па падземных хадах без доступу кіслароду яна перацякала ў бочкі, становячыся дзёгцем.
Цікава было ўбачыць музей-зямлянку, наведаць мемарыяльны комплекс «Шымкі» у памяць загінуўшым у вайну жыхарам Мастоўшчыны.
Трапіўшы ў заказнік «Ліпічанская пушча», дзеці са здзіўленнем разглядалі дуб 250-гадовага ўзросту з таўшчынёй ствала тры метры ў дыяметры і даведаліся, што ўсяго ў лесе расце каля 20 відаў парод дрэў і звыш 250 відаў траў.
Нібы ў зусім іншы, асобны свет, далёкі ад мітусні, са сваім тэмпам і правіламі, трапілі выхаванцы, наведаўшы Жыровіцкі манастыр.
Жыровіцкі манастыр – гэта цэлы комплекс: Свята-Успенскі сабор са званіцай, Яўленская, Свята-Мікольская і Крыжаўздзвіжанская царквы, Жылы манастырскі корпус, стройныя прыгожыя будынкі духоўных школ – семінарыі і акадэміі, дзе навучаюцца будучыя святары…
Тут хлопчы і дзяўчынкі змаглі ўбачыць галоўную святыню манастыра – цудатворны абраз Жыровіцкай маці Божай. Ад экскурсавода Вадзіма, будучага святара, даведаліся, што з розных куткоў свету сюды прыязджаюць паломнікі, нясуць да абраза Жыровіцкай маці Божай свае беды і радасці, просяць вылячэння ад цялесных і духоўных хвароб і атрымліваюць, дзякуючы Божай міласці, тое, аб чым просяць. Дзеці схадзілі да святой крыніцы, а потым акунуліся ў святую ваду купальні.
Вяртаючыся дадому з кожнага падарожжа, з радасцю заўважаем, колькі новых эмоцый атрымалі, колькі новага даведаліся. А яшчэ разумеем, як моцна любім сваю малую радзіму, які дарагі нам наш маленькі аграгарадок, наш дом, як хочацца хутчэй пабачыць родных і блізкіх, падзяліцца з імі сваімі ўражаннямі, паказаць фотаздымкі. Усё ж такі нездарма ў народзе кажуць: «У гасцях добра, а дома лепш!».
Наталля Іосіфаўна МАНДЗІК,
выхавальнік.
Мастоўскі раён,
Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа,
аздараўленчы лагер «Экаландыя».