У адзін з летніх ліпеньскіх дзянькоў у Хвінявіцкую сярэднюю школу завітала выстава на калёсах «Аўтобус Перамогі». Галоўная ідэя выставы – расказаць дзецям пра гераізм іх равеснікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, як рана ім давялося пасталець і якія цяжкасці перажыць.
Сумеснымі намаганнямі прадстаўнікоў цэнтра турызму і краязнаўства г. Дзятлава, кіраўнікамі школьных музеяў і музейных пакояў сабраны ўнікальныя экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Пра подзвігі юнакоў пранікнёна расказала Тамара Уладзіміраўна Крывеня, кіраўнік музея «Дзеці ліхалецця» Наваяльнянскай школы. Запамінальную экскурсію правёў Дзмітрый Лявонцьевіч Радзіеўскі, дырэктар дзятлаўскага цэнтра турызму і краязнаўства. Дарэчы, эфект поўнага пагружэння забяспечылі сучасныя тэхналогіі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі павінны памятаць подзвігі дзядоў і прадзедаў, якія не шкадавалі свайго жыцця, каб у наступных пакаленняў над галавой заўсёды было мірнае неба. Менавіта таму, добрым рашэннем было расказаць школьнікам гісторыі пра аднагодкаў, якія сутыкнуліся з жахамі фашызму. Толькі захоўваючы мінулае, цэнячы сучаснае, можна стварыць будучыню!
Марына Міхайлаўна НЕЧАЙ,
дырэктар.
Дзятлаўскі раён,
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.