Век жыві – век вучыся, – гаварылі нашы продкі. Навучэнцы Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы не забыліся гэтай народнай мудрасці і вырашылі скарыстаць магчымасць летам не проста адпачываць, а з карысцю.
У жніўні на базе ўстановы адукацыі стартавала аб’яднанне па інтарэсах «Інтэлектуальныя гульні». Актуальнасць гульняў у тым, што яны вучаць не назапашваць «непад’ёмны груз», які складаецца з фактаў, якія непатрэбныя ў паўсядзённым жыцці, а выпрацоўваць уменні, абапіраючыся на пэўны жыццёвы вопыт, знаходзіць сувязь паміж рознымі абласцямі ведаў, прыдумваць новае, хутка і правільна арыентавацца ў плыні інфармацыі. Сучаснае жыццё патрабуе ад чалавека ўмення працаваць у калектыве, камандзе, праяўляючы, у залежнасці ад сітуацыі, лідарскія якасці, якасці «генератара ідэй» або аналітыка – гэтаму таксама вучаць інтэлектуальныя гульні. Удзел у інтэлектуальных гульнях захапляе навучэнцаў у працэс зносін і пазнання. Цікава сябраваць, успрымаць новае праз гульню, даведвацца пра новыя факты і падзеі самастойна. У падлеткавым узросце важна быць у цэнтры ўвагі, таму навучэнцы дзеляцца сваімі ведамі і ўменнямі, бачаць магчымасці, дзе іх можна прымяніць.
Работа педагога накіравана на развіццё творчага мыслення, фантазіі і логікі, пазнавальнай актыўнасці і, канечне, матывацыі да самаадукацыі. Дзейнасць у аб’яднанні вучыць падлеткаў працаваць з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі, апрацоўцы яе ў кароткія прамежкі часу, засваенне асноўных прынцыпаў эўрыстыкі.
Добразычлівую атмасферу падчас заняткаў можна стварыць, выкарыстоўваючы інтэрактыўныя прыёмы «Камплімент», «Люстэрка», «Ланцужок пажаданняў». Гульні «Агульнае слова», «Ён і яна», «Рэаліі» спрыяюць развіццю ў навучэнцаў жадання сістэматычна атрымліваць новыя веды. Калі неабходна развіваць у падлеткаў уменні беспамылкова і ў абмежаваны час даваць правільны адказ і прымаць нестандартныя рашэнні, можна на занятках прапанаваць гульню «Інтэлект-покер», «Тройка», «Што? Дзе? Калі?».
Актыўнасць падчас зносін на занятках аб’яднання па інтарэсах «Інтэлектуальныя гульні» гарантуе добры настрой і пазітыўныя эмоцыі. У нас няма тых, хто прайграў. Сярод нас толькі тыя, хто мае вялікае жаданне развівацца і рухацца толькі наперад.
Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,
настаўніца беларускай мовы.
Дзятлаўскі раён,
Хвінявіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.