З чаго складаецца гісторыя? Падзеі змяняюць адна адну, увесь час адбываецца штосьці новае. Але сённяшні дзень ужо заўтра стане здабыткам гісторыі. І чым далей адыходзяць ад нас гістарычныя падзеі, тым ярчэй высвечваецца іх сэнс і значэнне… Гісторыя не адбываецца сама па сабе, гісторыю робяць людзі, якія па рознаму могуць уплываць на яе развіццё, але бясследна не праходзяць ні іх маленькія, ні вялікія справы.
Адыходзяць стагоддзі, людзі, падзеі, але памяць аб іх застаецца ў іх справах, успамінах, у назвах гарадоў і вёсак, рэк і мораў, вуліц і плошчаў. Гістарычная памяць народа перадаецца з пакалення ў пакаленне. Належнае месца захаванню гістарычнай памяці і праз яе выхаванню будучых пакаленняў адводзіцца помнікам.
У горадзе Навагрудку напярэдадні Дня танкіста быў адкрыты помнік. Танк Т-72 як напамін аб подзвігу танкістаў, якія абаранялі незалежнасць нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дадзеная мадэль танка адна з найлепш прадаваемых у свеце, стала ўвасабленнем лепшых ідэй, вяршыняй інжынернай думкі і па сённяшні дзень стаіць на варце нашага мірнага жыцця.
Вучні прававых класаў школы № 3 г. Навагрудка наведалі ўрачыстае мерапрыемства з нагоды адкрыцця помніка. Праз адчуванне сябе часткай адзінага цэлага – беларускага народа, з паважлівымі адносінамі да гістарычнага мінулага фарміруюцца патрыятычныя каштоўнасці, гатоўнасць да актыўнага праяўлення асобы ў розных сферах жыцця.
Нішто не стаіць на месцы, усё змяняецца, таму неабходна памятаць: кожны з нас у адказе за свой лёс і лёс сваёй краіны.
Дар’я Аляксандраўна КАРАВАЙ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
г. Навагрудак, школа № 3.