Па ініцыятыве Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі пяцікласнікі Любчанскай школы сталі ўдзельнікамі экалагічнага праекта «ЭкаЦімураўцы».
Быў створаны цімураўскі атрад «Зялёныя далонькі». З пачатку кастрычніка мінулага года пачалі атрымліваць заданні экалагічнай накіраванасці. З вялікім энтузіязмам сталі прыносіць у школу макулатуру, пластыкавыя бутэлькі. З задавальненнем паўдзельнічалі ў экалагічным флэшмобе, дзе праявілі «папяровую фантазію»: з цукерачных абгортак зрабілі прыгожую карціну «Планета матылькоў». Вывучылі рэдкія і знікаючыя віды жывёл сваёй мясцовасці, склалі каляндар цімураўскіх спраў і карту з нанясеннем месцаў пражывання выяўленых рэдкіх і ахоўных відаў жывёл. Разам з бацькамі Лізы Батуры і настаўнікам працоўнага навучання С. П. Карпейка прынялі ўдзел у акцыі «Птушыная сталовая»: зрабілі хаткі і кармушкі для нашых «малодшых сяброў» – птушак. Колькі фантазіі, выдумкі ўклалі дзеці ў гэтыя вырабы. Выкарыстоўвалі самы розны матэрыял, у ход ішло ўсё: пластыкавыя бутэлькі, кардонныя каробкі, фанера. Гатовыя кармушкі развесілі з пачастункам для птушак у парку каля школы.
У студзені рашалі экалагічныя задачы і праводзілі вопыты з экасістэмай у бутэльцы з вадой, каб вызначыць тэрмін раскладання смецця. Адна справа – паглядзець на лічбы, а іншая – дачакацца і ўбачыць, што стане, напрыклад, з пэўнай цукерачнай абгорткай. А ў апошнім месяцы зімы правялі некалькі эксперыментаў, якія прынеслі пяцікласнікам вялікае задавальненне. Яны сталі відавочцамі вясёлага дожджыка, салодкай вясёлкі, а таксама папыталіся ператварыць ваду ў лядзяш за адну секунду.
Цяпер пяцікласнікі ведаюць, што патрэбна берагчы і ахоўваць нашых «меншых сяброў», што з макулатуры можна зрабіць любую папяровую прадукцыю, з другаснага шкла – новыя бутэлькі і нават душавыя кабінкі. З пластыку – незлічоную колькасць новых рэчаў: ад тазікаў да дзіцячых горак . І на пытанне «Куды падзець смецце?» смела могуць адказаць «Выкарыстоўвайце яго з карысцю!».
Вольга Пятроўна БАБРОЎСКАЯ,
класны кіраўнік 5-га класа.
Навагрудскі раён,
Любчанскай сярэдняй школы.