Цуд з лазы

Из нашей почты Новости

Спакон вякоў на роднай беларускай зямлі жыве народ, які мае багатую спадчыну – рамёства, жарты, загадкі, прыказкі, гульні. У музеі гімназіі, мы распрацавалі экскурсію, каб падзяліцца гэтай багатай спадчынай з наведвальнікамі.

Я – Надзея Ярац, вучаніца сёмага класа, а таксама член савета гімназічнага музея, заўседы ганаруся сваёй нацыянальнай адметнасцю, цікаўлюся беларускай культурай, рамёствамі і заўсёды ўдзельнічаю ў краязнаўчых мерапрыемствах і пошуковай рабоце. Падчас акцыі «Падары музею экспанат» разам с татам, таленавітым майстрам-столярам, прывезлі ад маіх сваякоў цікавы этнаграфічны экспанат. Гэта цудоўны ложак, які прыехаў у музей з вёскі Пацавічы Мастоўскага раёна. Як удала ён сплецены з лазы для немаўляткі! Зрабіў гэты плецены цуд мой прадзед – Іван Коцка, які быў вельмі таленавітым народным майстрам.

Рыхтуючы экскурсію, прачытала шмат літаратуры, і даведалася, што лазапляценне адно з самых старажытных рамёстваў, якое дайшло да нашых дзён, практычна не змяніўшыся. У Беларусі з лазы плялі розныя па форме і прызначэнні вырабы: узводзілі жыллё, гаспадарчыя пабудовы, рабілі загарадзі, кузавы санкаў, посуд і мэблю нават!

А яшчэ  тата мне расказваў, што мая прабабуля Алена Коцка любіла каля гэтага ложка спяваць калыханкі сваім дзеткам. Напэўна, гэтыя цудоўныя радкі.

Гушкі-гушкі, прыляцелi птушкі,

Селi на варотах у чырвоных ботах,

Сталi сакатацi: «Што сыночку дацi?»

Ці гароху троху,

Ці ячменю жменю…

Дарэчы кажучы, матэрыял, з якога зроблены ложак, – гэта вярба. З канца лета і да пачатку руху соку вясной майстры ходзяць уздоўж рэк і азёр у пошуках лазы. Дубцы, прыдатныя для пляцення, павінны быць доўгімі, тонкімі, гнуткімі, мець роўную і гладкую паверхню. Каб зразумець, ці прыдатны прут, яго некалькі разоў абмотваюць вакол пальца. Калі дубец пры гэтым не ломіцца, то ён падыходзіць для пляцення. Каб лаза стала больш эластычнай, перад пачаткам працы яе на 30–40 хвілін замочваюць у вадзе і заварочваюць ў вільготную тканіну, каб яна падчас пляцення хутка не высыхала.

Хачу звярнуць ўвагу, у нашым музеі шмат вырабаў з лазы, у асноўным, гэта кошыкі, але ёсць і прыгожая ваза. У Беларусі пляценне кошыкаў было даволі распаўсюджанай справай. Майстры плялі кошыкі розных формаў і памераў. Адным з самых вядомых вырабаў з лазы з’яўляецца двухлучковы кошык, які ў многіх краінах называюць «беларускім».

На працягу ўсёй гісторыі беларускі народ назапашваў і развіваў самабытную нацыянальную культуру, з прыкладамі якой мы сёння павінны знаёміцца бліжэй і перадаваць наступным пакаленням.

Надзея ЯРАЦ,

член савета музея.

Мастоўскі раён,

гімназія № 1, 7-й класс «А».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *