Экскурсія – гэта заўсёды новая інфармацыя, карысныя веды, знаёмства з цікавымі людзьмі, незабыўныя ўражанні. У гэтым цалкам упэўніліся вучні 2-га класа.
У першы дзень асенніх канікул яны наведалі музейны пакой «Мастацтва гліны і агню», які размешчаны ў Поразаўскай бібліятэцы – цэнтры краязнаўства. Падчас экскурсіі даведаліся, што ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя пасёлак Поразава лічыўся цэнтрам чорнай керамікі. Ганчарнае рамяство перадавалася з пакалення ў пакаленне ў многіх сем’ях паразаўчан. А самай вядомай дынастыяй поразаўскіх ганчароў была сям’я Шопікаў. Іосіф Шопік – апошні майстар з гэтай дынастыі. Яго гліняныя вырабы пабывалі ў свой час на розных міжнародных выставах. Да Іосіфа Іосіфавіча прыязджалі не толькі з Беларусі, але і з суседніх краін, каб набыць гліняную кераміку. Шмат рэчаў ён проста дарыў. Чаго толькі не ляпіў гэты майстар за сваё жыццё: вялікія гаршчкі, спарышы, розныя мяліцы, збаны, посуд для гарбаты, вазы для кветак і многае іншае.
Асабліва ўразіў школьнікаў аповед экскурсавода Ірыны Сарай пра незвычайнае пераўтварэнне кавалачка гліны ў цудоўныя вырабы з дапамогай ганчарнага круга. Здзівіла іх і спецыяльная тэхналогія апрацоўкі, якая надавала вырабам чорны колер, трываласць і дазваляла малаку ў такім посудзе доўга не кіснуць, маслу і смятане не псавацца, а мёду не зацукрывацца. Дзеці з цікавасцю разглядвалі «чароўны» посуд і нават выказалі жаданне мець такі ў сваёй гаспадарцы.
Пасля вяртання з экскурсіі аднакласнікі яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі аб убачаным. А хлопчыкі класа набылі новую мару – паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных ганчароў.
Алена Мікалаеўна АКУДОВІЧ,
класны кіраўнік 2-га класа.
Свіслацкі раён,
Поразаўская школа.