Бабулін хлеб

Из нашей почты Новости

Самым цеплым ўспамінам майго дзяцінства, з’яўляецца успамін пра бабулін хлеб. Яна заўсёды рашчыняла яго ў вялікай дзяжы, а пякла ў печы… Водар стаяў на ўсю вуліцу, і найлепшым прысмакам быў акраец свежага духмянага хлеба і шклянка малака.

Не так даўно, паспрабавала аднавіць рацэпт маёй бабулі і выпякла яго ў звычайнай духоўцы. Прапаную і вам паспрабаваць духмяны хлеб.

Хлеб «Бабулін»

Для прыгатавання спатрэбяцца: 2 шклянкі пшанічнай мукі першага гатунку, 1 шклянка пшанічнай мукі з цэльнага зярна, 1 шклянка жытняй абдзірной мукі, 1 чайная лыжка сухіх дражджэй, 1 чайная лыжка солі, 2 чайныя лыжкі цукру, 1,5 шклянкі цёплай вады (38-40 ºC), 30 г сланечнікавага алею.

Змяшаць ўсю муку, прасеяць. Дадаць дрожджы, соль, цукар, перамяшаць. Дадаць адну шклянку цёплай вады, пасля яшчэ паўшклянкі вады, змешанай з алеем. Добра вымяшаць цеста, паставіць ў цеплае месца на адну гадзіну.

Стол злёгку пасыпаць мукой, акуратна дастаць цеста з формы. Ударыць па цесту, каб яно апусцілася і з яго выйшаў лішак вуглякіслага газу. Мясіць цеста яшчэ 1–2 хвіліны, сфармаваць у шчыльны шар.

Раскатаць цеста ў прамавугольнік. Скласці цеста папярок (у шырыню), і яшчэ раз папалам. Добра націснуць на цеста, перавярнуць і пакласці ў форму швом ўніз.

Пасля таго, як сфармавана, цеста трэба пакінуць, каб яно зноў паднялося. Звычайна цеста пакідаюць у цёплым месцы, каб яно падвоілася ў памеры. Колькі гэта займае – залежыць ад тэмпературы паветра і ад складу цеста, але звычайна спатрэбіцца 30–60 хвілін.

Важна не ператрымаць цеста, інакш яно ўпадзе ў духоўцы або калі вы будзеце надразаць верхавіну перад выпечкай. Не менш важна даць цесту дастаткова падняцца, інакш баханка будзе занадта шчыльнай. Каб праверыць, ці гатова цеста да выпечкі, трэба націснуць на яго пальцам – яно павінна быць пругкім, але не цвёрдым. Увагнутасць, пакінутая пальцам, павінна паступова напоўніцца і выправіцца.

Пасля таго, як цеста расстаялася, яго небходна надрэзаць вострым нажом, надрэзы змазаць малаком і прысыпаць насеннем белага і чорнага кунжуту (неабавязкова).

Надразанне цеста перад выпечкай не толькі ўпрыгожвае бохан, але і прыносіць карысць. Калі цеста ставяць у духоўку і яно зноў пачынае падымацца, надрэзы дапамагаюць яму павялічвацца не разрываючыся і не разломліваючыся па баках.

Смачна есці!

Алена Пятроўна КРЫВУЛЬКА,

кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея.

Гродзенскі раён,

Путрышкаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *