Знаёмства з беларускай вёскай

Из нашей почты Новости

           

Вучні школы здзейснілі падарожжа і наведалі Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту Строчыцы, які размясціўся недалёка ад Мінска.

Да наведвання музея школьнікі, безумоўна, мелі ўяўленне аб жыцці і побыту беларускіх сялян. Яны прымалі ўдзел у абрадах, гульнях, майстар-класах, якія ладзяцца ва ўстановах культуры Лідскага края, а вось апынуцца ў сапраўднай вёсцы пачатку мінулага стагоддзя, яны не мелі магчымасці.

Дарога да Мінска праляцела хутка. І вось перад намі адкрылася пляцоўка з драўлянымі пабудовамі экскурсійнага сектара «Цэнтральная Беларусь». Здавалася, што вось-вось нам сустрэнуцца яе жыхары. Таму затаіўшы дыханне ўсе з цікавасцю слухалі экскурсавода і разглядалі аб’екты музея, якія месцяцца пад адкрытым небам ужо сорак пяць гадоў.  

Сюды, як даведаліся вучні, былі звезены аўтэнтычныя будынкі з розных куткоў Беларусі. І сёння гэта адзінае месца ў краіне, дзе кожны наведвальнік можа апынуцца ў мінулым не віртуальна, а рэальна.

Што найбольш уразіла падлеткаў: сапраўдная вясковая вуліца, драўляныя будынкі: свіран, амбар, гумно, уніяцкай царквы, клець, хлеў, пагонны двор.

Не менш цікавым было знаёмства з інтэр’ерам унутры пабудоў. У хатах усё дакладна так, як і было шмат гадоў таму: печ, чырвоны вугал, палаці, калыска, прычэпленая да столі, жаночы вугал з кухонным посудам. На стале – небагатая сялянская ежа, побач – калаўрот. З аповеду экскурсавода пачулі і аб тым, як узводзіліся будынкі ў 19-м – пачатку 20-га стагоддзя, як жылі сем’і, чым займаліся і пра што марылі.

Лепшаму ўспрыняццю экскурсіі і знаёмству з побытам сялян садзейнічала тое, што экскурсія праходзіла на беларускай мове. Пачулі вучні на роднай мове і шэраг беларускіх прымавак, і народных павер’яў.

 Аднак найбольшыя эмоцыі школьнікі атрымалі, калі трапілі ў народную вучэльню – па-цяперашняму пачатковую школу. Парты, стол настаўніка, дошка… – здаецца, нічога не змянілася. У адным класе адначасова вучыліся вучні розных класаў, прадметы выкладаў адзін настаўнік. Урокі доўжыліся 50 хвілін, перапынкі былі 5-хвілінныя, шасцідзённы вучэбны тыдзень, а таксама абед, падчас якога вучні елі кашу з аднаго гаршочка – адсюль і пайшло слова «аднакашнікі». Канешне, знешні выгляд класа адрозніваецца ад сучасных светлых і ўтульных, адрозніваецца і мэбля, і наяўнасць тэхнікі, але галоўнае ўвесь час было і застаецца адно – жаданне дзяцей вучыцца!

У тыя часы не ўсе дзеці маглі атрымаць адукацыю. А ў дзяўчат увогуле не было такой магчымасці. Як аказалася ў той час існавалі «калькулятары» – лічыльнікі і «планшэты» – называліся яны грыфельныя дошкі. Што не спадабаліся лідскім школьнікам, дык гэта метады цялеснага пакарання, якія называліся дысцыпліна. А вось, што хатняе заданне не задавалі – вельмі добра!

Паўтары гадзіны падарожжа прайшлі вельмі хутка. Экскурсія скончылася, а вось жаданне працягнуць знаёмства з побытам і культурай беларусаў таго часу ў вучняў з’явілася яшчэ больш. Калі вы не былі ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту Строчыцы, то не сумнявайцеся, вы атрымаеце цудоўныя ўражанні ад наведвання. Тым больш, што кожную пару года там ладзяцца святы, праходзяць фестывалі, нават здымаюцца мастацкія кінастужкі.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік 9га класа «Б».

г. Ліда,

школа № 11.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *