Ганаруся сваімі продкамі

Из нашей почты Новости

   

Прывітанне! Мяне завуць Маргарыта Волкава, вучуся ў 2-м класе. Дазвольце мне расказаць пра лёс маіх прадзядуль і прабабулю ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Мой прадзед Пётр Паўлавіч Стацэнка ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Кадойкі Кагарлыкскага раёну, што на Кіеўшчыне, у шматдзетнай сям’і, дзе было аж 18 дзяцей. У 1939 годзе Пятра прызвалі ў Чырвоную Армію – служыў пад Ленінградам, у 127-м асобным зенітным батальёне 171-й дывізіі, у 1940 апынуўся на Карэльскім перашыйку. Хутка пачалася Вялікая Айчыная вайна. Салдата Стацэнку накіроўваюць на Заходні фронт – у Беларусь.

Ваяваў пад Мінскам у партызанскім атрадзе, затым у атрадзе імя Суслава ў раёне Вілейкі. У 1944 годзе ўдзельнічаў у вызваленні Свіры. У адным з баёў быў паранены.

Узнагароджаны партызанскім медалём і ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Пасля вайны нейкі час Пётр Паўлавіч жыў у Беларусі – яго прызначылі сакратаром сельскага Савета ў вёску Нястанішкі Свірскага раёна. Пазней разам з жонкай працавалі 2 гады на аднаўленні горада Манчыгорска ў Мурманскай вобласці. Потым лёс закінуў іх на Украіну – радзіму Пятра, дзе сям’я пражыла 7 гадоў, а тады вярнулася ў Беларусь – пасялілася ў Альхоўцы.

Працаваў лесніком у Міхалішкаўскім лясніцтве, зваршчыкам на альхоўскай фабрыцы.

Як ветэрана вайны яго часта запрашалі на сустрэчы са школьнікамі.

Мая прабабуля Марфа Уладзіміраўна Волкава (1915-1995 гг.) да вайны жыла непадалёк Глыбокага – у Пунішчы, цяпер гэтага паселішча няма. У 1939 годзе, як і многія яе землякі, адправілася на заробкі ў Эстонію, пакінуўшы на догляд маці дзіця. На чужыне Марфу і заспела вайна. Заробкі скончыліся, але гэта было не самае расчаравальнае і страшнае для яе, а тое, што дамоў вярнулася толькі праз пяць цяжкіх на выпрабаванні гадоў.  Капаючы акопы, іх група трапіла ў акружэнне – гэта здарылася ў 41-м пад Выбаргам. Захопленых людзей адправілі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Марфа Уладзіміраўна апынулася ў латвійскім «Саласпілсе», пабудаваным нямецка-фашысцкімі акупантамі  непадалёк Рыгі. Пазней яе перавезлі ў Германію – вязнем араніенбургскага «Заксенхаўзена» яна была ажно да 1945 года.

Увесь гэты час маці Марфы не ведала ні дзе яе дачка, ні што з ёй. Пасля вызвалення з канцлагера Марфа Уладзіміраўна не адразу паехала дамоў: яшчэ год працавала ў чужой старане – шыла адзенне, – каб зарабіць крыху грошай. Дарэчы, ёй прапаноўвалі застацца за мяжой – магла  нават выбраць любую краіну Еўропы, дзе хацела б жыць. Але яна адмовілася, бо на радзіме застаўся сын – і ў 1946 годзе Марфа вярнулася на Глыбоччыну.

Прадзядуля Іван Фёдаравіч Волкаў (1918-1979 гг.), ветэран Вялікай Айчыннай вайны, карэнны масквіч, якога ў Беларусь накіравалі на працу. З 1939-га на вайне – пачаў з Савецка-фінскай, у 21 год прызвалі, накіравалі ў штаб пісарчуком.

Закончыць інстытут Івану Волкаву не давялося – пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пра той час Іван Фёдаравіч расказваць не любіў, нават пра тое, на якіх франтах ваяваў. Вядома, што трапіў у палон, збёг адтуль. Пасля шматлікіх праверак яго накіравалі на вучобу ў ваеннае вучылішча, скончыўшы якое, атрымаў званне лейтэнанта і быў накіраваны на фронт камандзірам батарэі. У адным з баёў атрымаў кантузію. Дайшоў да Берліна і дэмабілізаваўся ў званні капітана. Пасля вайны быў прызначаны камендантам аднаго з нямецкіх гарадоў.

Праз нейкі час быў накіраваны фінансавым агентам у Оршу. А на Глыбоччыне спаткаў сваю палавінку – Марфу і застаўся жыць у Беларусі. Працаваў у калгасе брыгадзірам, манцёрам, маючы пад 45 гадоў скончыў тэхнікум сувязі.

Пра франтавы лёс ветэрана расказваюць яго ўзнагароды: медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Берліна», ордэн Чырвонай Зоркі.

Дакументы на сайце «Памяць народа» сведчаць, што Волкаў быў начальнікам хімічнай службы ў 350-м знішчальна-процітанкавым артылерыйскім палку на 1-м Украінскім фронце. Узнагародны ліст да медаля «За адвагу» расказвае, што падчас бою за вызваленне Шэпітоўкі «… 12 лютага 1944 года праціўнік распачаў контратаку сілай да 15 танкаў, тав. Волкаў, знаходзячыся на назіральным пункце своечасова папярэджваў аб з’яўленні праціўніка.  <…> Контратака была адбіта».

З прадстаўлення да ордэна Чырвонай Зоркі і медаля «За баявыя заслугі», датаванага 25 мая 1945 года, значыцца, што Іван Фёдаравіч на той час ўжо меў званне старэйшага лейтэнанта, служыў у 11-м танкавым корпусе 1-й гвардзейскай танкавай Чырвонасцяжнай арміі. У дакуменце пазначаны франты, на якіх змагаўся ветэран: Паўднёва-Заходні, 1-ы Украінскі, 1-ы Беларускі, і апісаны яго подзвігі. У красавіку 45-га Іван Фёдаравіч двойчы – на подступах да Берліна і ў самім горадзе – замяняў параненых камандзіраў агнявых узводаў, кіруючы агнявымі батарэямі, тым самым дапамагаў прасоўванню войскаў Чырвонай арміі.

Маргарыта ВОЛКАВА.

Астравецкі раён,

Альхоўская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *