Беражыце энергію

Новости

У рамках Міжнароднага дня энергазберажэння, ва ўстанове адукацыі прайшоў шэраг мерапрыемстваў, падчас якіх вучні не проста даведаліся пра спосабы эканоміі энергіі, але і вызначылі сваю ўласную пазіцыю ў вырашэнні праблем вычарпальнасці энергарэсурсаў.

Праграма школьных мерапрыемстваў была насычанай. У актыўную дзейнасць былі ўцягнуты вучні ўсіх класаў – ад самых малодшых да выпускных. Арганізатарамі сталі адзінаццацікласнікі.

З малодшымі школьнікамі была праведзена гульня «Берагоша». Старшакласнікі тлумачылі дзецям правілы беражлівасці электраэнергіі і вады на прыкладзе простых эксперыментаў, відэаролікаў, гульняў. Таксама былі арганізаваны відэаперапынкі, на якіх аб неабходнасці эканоміі расказалі знаёмыя кожнаму героі з мультсерыялаў.

Вучні 5–8-х класаў прынялі ўдзел у конкурсе газет, а старшакласнікі распрацавалі буклеты і правялі акцыю «Беражыце энергію!». Распаўсюджваючы буклеты аб правілах энергазберажэння ў мікрараёне школы, школьнікі дзяліліся інфармацыяй не толькі паміж сабой, але і з мясцовымі жыхарамі. Да ўсіх мерапрыемстваў арганізатары падышлі творча, што зрабіла важную інфармацыю больш даступнай.

Усе прыйшлі да высновы, што кожны чалавек можа зрабіць свой уклад у захаванне жыцця на Зямлі і прадухіліць экалагічную катастрофу.

Ульяна ПІЛІПЧЫК,

вучаніца 11-га класа.

Навагрудскі раён, Любчанская школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *