Анлайн-канферэнцыя «Зрабі правільны выбар!» сабрала на раённай платформе членаў, дэпутатаў V склікання маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў і кандыдатаў у дэпутаты маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў VI склікання.
У галоўнай студыі, якая знаходзілася ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, удзельнікаў віртуальнага форуму віталі каардынатар дзейнасці маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў Ірына Мішчанка; старшыня маладзёжнага парламента Паліна Белавус; дэпутат, старшыня камісіі па ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і развіцці валанцёрскага руху Валерыя Шалесная; дэпутат, член камісіі па ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і развіцці валанцёрскага руху Анастасія Шнітава; старшыня раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Таццяна Орсік.
– Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта праінфармавала, што ў адпаведнасці з планам работы з 1 лістапада па 15 снежня 2021 года праходзяць выбары VI Склікання маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, – увяла ў курс спраў Ірына Антольеўна Мішчанка.
Яна нагадала ўдзельнікам канферэнцыі, што маладзёжны парламент пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў з’яўляецца дарадчым і кансультатыўным органам, ён функцыянуе для развіцця парламентарызму і папулярызацыі сярод моладзі сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання, выяўлення лідараў і прадастаўлення юнаму пакаленню магчымасці ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі абласных, раённых, гарадскіх сацыяльных праграм.
Правам быць абранымі дэпутатамі і ўдзельнічаць у выбарчых дзеяннях валодаюць навучэнцы 9–10-х класаў, а таксама ўстановаў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ВНУ Гродзенскай вобласці.
Права вылучэння кандыдатаў належыць вучнёўскім і студэнцкім калектывам, грамадскім маладзёжным арганізацыям і аб’яднанням, зарэгістраваным Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Колькасць членаў абласнога маладзёжнага парламента – 123 чалавекі, якія падзяляюцца на дзве палаты – навучэнскую і студэнцкую.
Правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна. Першы іх этап праходзіць з 1 па 24 лістапада 2021года, калі кандыдатаў у дэпутаты выбіраюць з дапамогай галасавання ва ўстановах адукацыі па месцы іх навучання. На працягу 24 працоўных дзён з дня пачатку выбарчай кампаніі ажыццяўляецца вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ва ўстановах адукацыі. У заяўцы кожны з іх павінен прадставіць сваю біяграфію з фотаздымкам, праграмныя тэзісы, аўтарскі праект, дапускаюцца відэазвароты да выбаршчыкаў.
Другі, агітацыйны этап, пройдзе з 25 лістапада па 15 снежня 2021 года. У яго межах кандыдаты правядуць перадвыбарную кампанію па месцы вучобы.
Пасля завяршэння другога этапа, 15 снежня 2021 года з 10 да 15 гадзін, праводзіцца Адзіны дзень галасавання – выбіраюцца дэпутаты, згодна колькаснага складу прадстаўніцтва ў парламенце.
Пераможцамі выбараў і членамі маладзёжнага парламента становяцца кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў. Канчатковыя вынікі будуць апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі і на сайце Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі на працягу 3 каляндарных дзён пасля адзінага дня галасавання.
Ірына Леанідаўна СТЫРНІК.
Дзятлава,
раённы центр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.