Памятны знак адкрыты на Пятрэвіцкай зямлі

Из нашей почты Новости

Жыве чалавек, пакуль памяць жыве аб ім… Жывуць падзеі, пакуль людзі ўспамінаюць аб іх. Нельга нам забываць гісторыю, наша мінулае. Нельга забываць нам жахі , якія вынес баларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, нельза забываць подзвіг нашага народа, адзінства беларусаў у барацьбе за Перамогу.

Менавіта таму ў Гродзенскай вобласці праходзіць абласная акцыя «Памяць. Адзінства. Перамога». У акцыі прынялі ўдзел і вучні Пятрэвіцкага дзіцячага сада–сярэдняй школы. Членамі краязнаўчага клуба «Спадчына», патрыятычнага клуба «Патрыёт» была даследавана дзейнасць аднаго з першых партызанскіх атрадаў, якія дзейнічаў у Навагрудскім раёне. Атрад «Кастрычніцкі» партызанскай брыгады імя Кірава створаны ў 1941 годзе. Атрад дзейнічаў у трохвугольніку, створаным дарогамі Ліда–Навагрудак, Навагрудак–Наваельня і Наваельня–Ліда. Асноўнымі пунктамі дыслакацыі партызан былі вёскі Каменка, Журавельнікі, Навіны, Пярэвічы, Драчылава Навагрудскага раёна. На рахунку атрада больш за 46 аперацый, 36 пушчаных пад адхон эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай суперніка, пабітыя варожыя гарнізоны, аперацыі па выратаванні насельніцтва ад знішчэння, высылкі ў рабства ў Нямеччыну. Ужо ў 1942 годзе фашысты баяліся з’явіцца на дарогах Навагрудак–Бярозаўка, Навагрудак–Наваельня.

Менавіта гэтым атрадам восенню 1941 года была здзейснена першая дыверсія, у выніку якой была парушана варожая лінія сувязі па дарозе Навагрудак–Ліда.

У гонар 80-годдзя стварэння партызанскага атрада «Кастрычніцкі», яго першай дыверсіі, 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны на трасе «Навагрудак–Ліда» быў адкрыты памятны знак у рамках абласнога патрыятычнага праекта «Памяць. Адзінства. Перамога», прысвечаны тым, хто прайшоў суровымі дарогамі вайны і прынёс нам Перамогу, героям нашай мясцовасці, партызанам атрада «Кастрычніцкі». На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі піянеры дружыны імя Віктара Ваўчэцкага, камандзір атрада «Кастрычніцкі», члены БРСМ, члены клубаў «Спадчына», «Патрыёт», намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Святлана Мікалаеўна Каралько, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Наталля Міхайлаўна Жышко, старшыня сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Сяргеевіч Гірыновіч. Удзельнікі цырымоніі хвілінай памяці ўшанавалі памяць загінуўшых партызан атрада «Кастрычнікі», усіх салдат, што не вярнуліся з палёў баёў Вялікай Айчыннай вайны.

Пятрэвіцкая зямля стала стартавай пляцоўкай у Навагрудскім раёне ў рамках праекта. Усяго такіх памятных знакаў з QR-кодамі, з дапамогай якіх можна будзе даведацца аб падзеях, якія адбываліся ў гады вайны на дадзенай тэрыторыі, на Навагрудчыне будзе адкрыта шэсць.

Адкрыццё памятнага знака стала значнай падзеяй для вучняў Пятрэвіцкай школы, якая закранула сэрца кожнага, якая надоўга застанецца ў памяці, аб якой вучні з гонарам будуць у будучыні расказваць сваім дзецям, сваім унукам.

Так і павінна быць. Бо наша моц у нашым адзінстве, у сіле нашага духу.

Кацярына НОВІКАВА,

старшыня піянерскай дружыны імя В. Ваўчэцкага.

Фота прадастаўлены Вольгай ПІСАР,

карэспандэнтам газеты «Новае жыццё».

Навагрудскі раён,

Пятрэвіцкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *