Усе прафесіі патрэбны, або шосты дзень – не лішні!

Из нашей почты Новости

Кожны чалавек выбірае прафесію часцей за ўсё сам. Для таго, каб зрабіць правільны выбар, трэба ведаць, якія прафесіі ёсць на цяперашні час, якія з іх патрэбныя і на якіх можна самому развівацца і атрымліваць задавальненне.

У Дварэцкай школе сістэматычна праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы з вучнямі. Кожная трэцяя субота з’яўляецца Днём працы і прафарыентацыі. Для пачатковых класаў С. Б. Гайдук, настаўніцай пачатковых класаў, была арганізавана грамадазнаўчая экскурсія «Прафесіі Дварца». Вучні 1–4-х класаў адправіліся на экскурсію па аграгарадку для таго, каб даведацца, якія прафесіі распаўсюджаны ў іх мястэчку. Дзеці задавалі пытанні жыхарам вёскі пра іх прафесіі: чаму падабаецца гэта прафесія, чым яна цікавая, якія ёсць цяжкасці? Па выніках экскурсіі ў школе праводзілася абмеркаванне тых прафесій, якія ім спадабаліся.

У сярэднім звяне настаўнікам гісторыі І. М. Ляўшук была праведзена інтэлектуальная гульня «Падарожжа ў Краіну гісторыі». Вучні 5–8-х класаў падзяліліся на дзве каманды і адправіліся ў падарожжа. На кожным прыпынку выконвалі заданні, атрымлівалі інфармацыю на прыпынках «Гэта цікава ведаць!». У гульні хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з прафесіямі, якія вывучаюць гісторыю: археолаг, архіварыус, егіптолаг, гісторык, крыніцазнавец. Больш за ўсё зацікавіла прафесія археолага.

У старэйшых класах прайшла інтэрактыўная гульня «Прафесіі, якія мы выбіраем». Вучні працавалі ў камандзе, з цікавасцю выконвалі розныя заданні. Спачатку правялі мазгавы штурм «Знаёмства з прафесіямі», адказвалі на пытанні, памятаючы, што такое прафесія, сфармуліравалі, як правільна трэба ставіцца да выбару будучай прафесіі. Кожны выказаў свае меркаванні. У гульні «Веер прафесій» выцягвалі назву прафесіі наўздагад, дзяліліся сваімі ўражаннямі ці прыйшлася яна да душы. Вельмі спадабалася ўсім заданне «Што за прафесія? », у якім трэба было па назве расказаць пра прафесію, яе асаблівасці.

Кожны вынес з мерарапремстваў нешта новае і незвычайнае для сябе. Некаторыя вучні ўжо добра ведаюць, кім яны стануць, а іншыя яшчэ толькі шукаюць прафесію для душы: каб і працаваць было цікава, і аплата была дастойная.

Ларыса Мікалаеўна ГАНЧАР,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Дзятлаўскі раён,

Дварэцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *