Напярэдадні свята

Из нашей почты Новости

Набліжаецца свята каталіцкага Раства Хрыстова, а гэта вельмі светлае свята. Падчас Раства ўсе абменьваюцца падарункамі, добрымі пажаданнямі са сваімі роднымі і блізкімі. Шчасце, калі самыя родныя людзі побач, але бывае і так, што блізкіх побач няма.

Усе людзі: і дзеці, і дарослыя – мараць аб тым, каб іх любілі, каб аб іх клапаціліся, каб ім рабілі падарункі. Кожны чалавек можа ажыццявіць чыю-небудзь маленькую мару і падарыць адчуванне свята, тым, хто па розных прычынах застаўся адзін, без любові і клопату. А гэта дзеці і адзінокія бабулі і дзядулі. І гэтыя дзеці і адзінокія людзі жывуць побач з намі. Гэта дзеці з дамоў сямейнага тыпу, з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мастоўскага раёна, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Мастоў і гэта старэнькія бабулі і дзядулі, якія жывуць у нашай вёсцы, якія, нягледзячы на цяжкі лёс, у душы ўсё яшчэ дзеці, якія вераць у добрую казку і чараўніцтва. А чараўніцтва можам ім падарыць мы, добрыя людзі!

Мы, члены валанцёрскага атрада «Рука дапамогі» , заўжды вельмі рады шчодра падзяліцца душэўным цяплом, любоўю і клопатам з абяздоленымі дзецьмі, бабулямі і дзядулямі. Нам вельмі хочацца стварыць для іх цуд. Мы сабраліся ўсе разам, каб зрабіць прыгожыя, рознакаляровыя корабы для цукерак і сувеніраў. І час чараўніцтва, выканання жаданняў і, вядома ж, час дабрыні настаў! Як мы стараліся! У нашай творчай майстэрні было так цёпла, так душэўна! Кожны ўлажыў ў гэту справу часцінку свайго сэрца, сваёй душы. І ў нас атрымаліся цудоўныя корабы, якія вельмі скора мы запоўнім цукеркамі і сувенірамі! Для нас вельмі важна, каб кожны хлопчык і кожная дзяўчынка, кожны дзядуля і кожная бабуля, нягледзячы на розныя цяжкасці і праблемы, у поўнай меры адчулі радасць ад свята, паверылі ў цуд, бо, калі па-сапраўднаму верыць у цуд, у сваю мару, яны абавязкова збудуцца.

Напярэдадні Раства Хрыстова прыйдзем з падарункамі да тых, хто нас чакае, хто верыць у чараўніцтва, у казку і ў добрых і шчырых людзей. Мы шчыра жадаем зрабіць прыемнае дзецям, бабулям і дзядулям. Менавіта ў гэтае свята хочам, каб яны адчулі, што яны не адны, што побач ёсць тыя, хто гатовы падзяліцца з імі цяплом, дабром і любоўю.

Мілана ЧАРНЯК,

член валанцёрскага атрада «Рука дапамогі ».

Мастоўскі раён,

Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, 9-ы клас.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *