Легенды роднага краю

Из нашей почты Новости

Мяне вельмі вабяць да сябе беларуская мова, фальклор, мясцовыя традыцыі. Казкі, паданні, прыказкі і прымаўкі, загадкі, песні – усіх гэтых скарбаў не пералічыць! Асабліва мяне цікавяць легенды роднага краю. Хачу падзяліцца з чытачамі “Зорьки” легендамі маёй мясцовасці.

Недалёка ад вёскі Пескі ёсць Ганарацкае возера, дзе мы вельмі любім адпачываць усім класам падчас летніх канікул. Старажылы расказваюць цікавую легенду аб паходжанні назвы гэтага возера. “У Канабаёўскім лесе ёсць вялікае балота, а сярод гэтага балота знаходзіцца возера. Вакол возера растуць журавіны. Яно не шырокае, але да возера нельга блізка падысці: вагаюцца берагі. Цяпер яно крыху высахла, засталося невялікае вочка, якое не замярзае зімой. Гавораць, што на гэтым месцы, дзе цяпер возера, стаяў замак. У замку жыў граф. У графа была дачка. Ён хацеў аддаць яе за старога князя. Але дачка не згаджалася: любіла конюха, які служыў у бацькі. Вось граф назначыў дзень заручын з князем, а Ганарата (так звалі дачку) дамовілася з конюхам уцячы. Аб гэтым ніхто не ведаў, акрамя служкі. Калі закаханыя сабраліся ехаць, служка не стрымала слова і выдала сакрэт маці Ганараты. Тая пракляла дачку з конюхам. Калі яны, хутка ўцякаючы, выехалі з замка, будынак раптам праваліўся. Утварылася возера, якое пазней людзі назвалі Ганарацкім. Яны заснавалі непадалёку ад яго паселішча. І у яго назве таксама прысутнічае імя бясстрашнай дзяўчыны. Зразумела, што назва паселішча – Ганарата. Гавораць, што як толькі наступае поўнач, на возера прылятаюць два чорныя лебедзі. Яны сядаюць на возера і плаваюць па крузе. Але адзін да аднаго не могуць прыблізіцца: маці іх пракляла”.

Жыву я ў вёсцы Струбніца. Адкуль пайшла назва маёй вескі? З даўніх часоў жыхары вёскі расказваюць адну таямнічую легенду. “Мясцовыя лясы былі вельмі багатыя на розных звяроў. Дзікія кабаны, прыгожыя ласі, шпаркія вавёркі, хуткія ваўкі – чаго толькі там не было! Ні адзін паляўнічы не вяртаўся адтуль без добрай здабычы. Не дзіўна, што ў гэтых лясах часта вялося і каралеўскае паляванне. І ў час аднаго з іх каралева Бона Сфорца згубіла амаль усіх сваіх сабак. Яны не толькі шмат каштавалі з-за сваёй надзвычай рэдкай пароды, але і былі любімымі сабакамі са ўсёй псарні. Каралева разгневалася і загадала знайсці сваіх гончых сабак як мага хутчэй. Усе кінуліся на пошукі. Паляўнічым жа заставалася толькі, безвынікова склікаючы сабак, доўга блукаць па лесе і гучна трубіць ў ражкі. Ад слова “трубіць” і атрымала сваю назву вёска Струбніца. Было гэта дзесьці ў пачатку XVI стагоддзя”.

 Нашу школу наведваюць дзеці з вёсак Пескі, Міжава, Выгода. Пра паходжанне назваў гэтых вёсак таксама існуе цікавая легенда. “Стаялі спякотныя дні лета. І вось у адзін з такіх дзён праз нашу мясцовасць праязджала багатая польская пані. Яна ехала пагасцяваць да сваіх родных у Брэсцкую вобласць. Мясціны вельмі спадабаліся жанчыне. Яна загадала спыніцца тут і адпачыць некалькі дзён. Пад вечар таго дня яна вырашыла схадзіць да ракі, каб падыхаць свежым паветрам. Уся прыслуга пайшла за ёй. Доўга былі яны на беразе ракі. Любаваліся прыгажосцю вечара, спявалі песні, весяліліся. Вельмі хутка бег час. Не заўважылі, як наступіла поўнач. Па дарозе размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі, смяяліся, жартавалі. Непрыкметна прыйшлі да месца стаянкі. Тут памешчыца заўважыла, што зніклі яе сабачкі па клічцы Міжы і Выгдзі. Барыня разгневалася, прыказала знайсці сваіх сабачак. Пачалася мітусня. Усе кінуліся на пошукі. Былі запалены факелы, усё вакол было асвечана. Жыхары вёсак былі падключаны да гэтых пошукаў. Па акрузе разносіліся крыкі: “Рieskі! Рieskі! Дзе вы? Ідзіце сюды!” У тую ноч сабак так і не знайшлі. На другія суткі адна сабака Міжы была знойдзена у сяленні за тры кіламетры ад стаянкі. Гэтае пасяленне і стала называцца Міжава. А другую сабаку Выгдзі знайшлі на трэція суткі ў супрацьлеглым напрамку, дзе была знойдзена Міжы. Месца гэтае назвалі Выгода. Назва вескі Пескі пайшла ад польск. pieski, што ў перакладзе азначае “сабачкі”.

У нас такая зямля, такая духоўная спадчына – на зайздрасць многім народам! Усё гэта было вялікім натхненнем для нашых продкаў. Сама наша зямелька натхняла нашых продкаў на стварэнне прыгожага. І ў гэтым мне бачыцца вялікі сэнс. А наша ж спадчына побач з намі: у гэтых рэчках, азёрах, курганах, вёсках… І за ўсім стаяць легенды і паданні. Гэта толькі здаецца, што ўсё ўжо страчана альбо схавана ад нас. Толькі варта капнуць, як, здаецца, пачынаюць дапамагаць продкі. І нам усё адкрыецца! Наша задача – паказаць усю тую багатую гістарычную і духоўную спадчыну, якой славіцца наш край са старажытнасці да нашых дзён.

Павел ЧАРНІЦКІ.

Мастоўскі раён,

Пескаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа, 9-ы клас.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *