4 студзеня вучні Пятрэвіцкага дзіцячага сада–сярэдняй школы, удзельнікі лагернай змены «Зімовая казка» наведалі музей Навагрудскай спецшколы, дзе год як адкрылася экспазіцыя «Гісторыя ёлачнай цацкі і Каляды».
Экскурсія па музею для нас пачалася сустрэчай з дырэктарам установы адукацыі Алегам Аркадзьевічам Анікевічам, які паведаў аб гісторыі стварэння экспазіцыі. Пазнаёміў з гісторыяй вытворчасці ёлачных цацак і іншай навагодняй атрыбутыкі пачынаючы з пачатку XX стагоддзя і да гэтага часу. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся аб традыцыях святкавання навагодніх і калядных свят у розных краінах свету.
У экспазіцыю «Гісторыя ёлачнай цацкі і Каляды» уключаны цацкі з кардону, паперы, ваты і шкла, зробленыя ўручную і адлітыя ў формах, гірлянды, штучныя ёлкі, дожджык і інш. На асобных стэлажах прытаіліся дырыжаблі, невялікія чайнічкі, шары з сярпом і молатам, газавыя лямпы. За кожным з экспанатаў стаіць свая гісторыя, якой з задавальненнем з намі дзялілася кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Наша бацькаўшчына» Вольга Радчанка. Тут кожнае дзіця зможа акунуцца ў чароўную казку, а дарослы – вярнуцца ў далёкае дзяцінства.
Захар Чырвоны, вучань 6-га класа, спецыяльна да гэтай сустрэчы, у дзень адкрыцця аздараўленчага лагера «Зімовая казка», змайстраваў «сямейку снегавікоў».
Час праляцеў непрыкметна, у Пятрэвічы вярталіся са светлымі і радаснымі уражаннямі. Пазнавальная атмасфера свята, дзяцінства і навагодняй утульнасці стварылі выдатны настрой.
Надзея САРАКАПЫТ,
вучаніца 7-га класа.
Навагрудскі раён,
Пятрэвіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа