Цуд елачных цацак

Из нашей почты Новости

Новы год і Каляды – адны з самых любімых і доўгачаканых святаў і дзяцей, і дарослых. Кожны рыхтуецца па асабістаму. Але аб’ядноўваюць ўсіх без выключэння навагоднія атрыбуты: елка, навагоднія елачныя цацкі, паштоўкі, цукеркі. 

З чароўным светам елачных цацак і навагодніх паштовак вучні 9-га класа «Б» лідскай школы № 11 пазнаёміліся падчас чарговага занятка прэс-клуба «Вялікі перапынак», які яны наведваюць ужо пяты год. Занятак на гэты раз праходзіў у пакоі школьнага музея. І гэта не выпадкова. Юнакі і дзяўчаты з уласных сямейных скарбонак прынеслі рэрытэтныя экспанаты, здавалася, што  сабраліся сапраўдныя калекцыянеры елачных упрыгожванняў. Шкляныя цацкі, гісторыя якіх налічвае не адзін дзясятак гадоў, былі самыя розныя па колеру і форме. Старэйшыя з іх, як расказалі вучні, некалі належылі іх бабулям і дзядулям. Знешне калекцыя цацак ўяўляла сабой вобразы людзей (касманаўта, дзяцей, Дзеда Мароза, доктара Айбаліта), розных жывёл і птушак, гародніну і садавіну, ледзяшы і шары. Як заўважылі вучні, у вобразах цацак захаваліся гістарычныя эпохі і падзеі, такія як палёт чалавека ў космас, вырошчванне кукурузы. Прадстаўлены ўвазе былі і героі мультыплікацыйных фільмаў савецкага часу. Асаблівую ўвагу юнакоў і дзяўчат прыцягнулі елачныя цацкі на прышчэпках. Яны выглядалі вельмі арыгінальна і, як аказалася, былі самымі старэйшымі.

Не меншую цікавасць членаў прэс-клуба выклікалі і паштоўкі. Апошні час паказвае, што людзі амаль не карыстаюцца імі, а вось у часы, калі ва ўзросце дзяцей былі іх бабулі і дзядулі, паштоўкамі карысталіся вельмі актыўна. Чым жа ўразіла сабраная вучнямі калекцыя паштовак? Канешне, яркімі выявамі, вобразамі казачных герояў, сюжэтамі. Сярод паштовак вызначаліся паштоўкі на Калядную тэматыку. Частка іх была не каляровая, а ў выглядзе чорна-белых фотаздымкаў. Датуюцца яны 50–60 гадамі ХХ стагоддзя. Падлеткі мелі магчымасці пазнаёміцца і з тэкстамі віншаванняў.  Калі віншаванні камусьці падаліся вельмі простымі на першы пагляд, то ў словах праз гады захаваліся і адчуваліся шчырасць у выказваннях і надзея на лепшае будучае.

Сабраныя калекцыі навагодніх атрыбутаў былі вельмі разнастайнымі і змястоўнымі. Удзельнікі занятка, з цікавасцю разглядаючы навагоднія цацкі і паштоўкі, выказалі думку, што ў іх з’явілася жаданне набыць навагоднія паштоўкі і паслаць родным і сябрам, каб перадаць усім частку дабрыні і свайго бадзёрага настрою.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік,

кіраўнік школьнай газеты «Вялікі перапынак».

г. Ліда, школы № 11

9 «Б» класа



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *