Адчуць подых даўніны. Дакрануцца да цагляных сцен. Уявіць, што недзе 400 гадоў назад нехта сваімі рукамі складаў гэтыя магутныя сцены. Падняцца па неверагодна крутой лесвіцы на самы верх старажытнай вежы. Паглядзець, як некалі жылі людзі, што іх цікавіла, чым яны займаліся, дзе спалі, з якога посуду елі. Усе гэта можна зрабіць у Мірскім замку, дзверы якога заўсёды адчынены для тых, хто шукае яркія ўражанні ад сустрэчы з жывой гісторыяй Беларусі.
Вучні 4-га класа «А» наведалі унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі, які ў 2000 годзе быў унесены ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА – замкавы комплекс «Мір».
На тэрыторыі комплекса прадстаўлены Мірскі замак канца ХVІ–XX стагоддзяў, царква-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, домік вартаўніка, руіны палаца апошніх уладальнікаў, прыдарожная капліца, англійскі пейзажны прак з сажалкай, рэшткі італьянскага саду, земляныя валы з бастыёнамі. У замку-музеі налічваецца 39 эксапазіцыйных і выставачных залаў.
Вучням была прапанавана экскурсія з элементамі тэатралізацыі «Чароўная гісторыя ў Мірскім замку». Карысная інфармацыя была падабрана з улікам узросту дзяцей. Так, хлопчыкаў князь Радзівіл Сіротка прысвяціў у рыцары. У бальнай зале побач з прыгожай навагодняй ёлкай дзеці вучыліся танцаваць паланез. Даведаліся, якім чынам атаплівалі замкі ў тыя часы, як некалі сустракалі гасцей, чым стараліся іх уразіць, прыдумвалі розныя забаўлянкі. Цікавай была гісторыя пра запечанага ў торце голуба. Прыдворны повар схаваў сюрпрыз, і, калі пачастунак пачалі разразаць, адтуль на здзіўленне ўсім вылецела птушка. Дзеці спускаліся ў падвалы замка, паглядзець, як было наладжана захоўванне харчовых прадуктаў. Змаглі пабачыць памяшканне, адведзенае пад турму. Падымаліся на самы верх вежы, адкуль некалі скідвалі на ворагаў вялікія каменныя ядры і дзе зараз у байніцах шугаюць вятры і адкрываецца самы захапляльны краявід на ўсю ваколіцу.
Наведванне замкавага комплексу ў Міры не пакіне нікога раўнадушным. Адпачывайце з карысцю, адкрывайце новыя маршруты, дзяліцеся ўражаннямі!
Дар’я Аляксандраўна КАРАВАЙ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
Інэса Сулейманаўна ШЧАНСНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
г. Навагрудак, школа № 3.