Сустрэча з таленавітым майстрам слова

Из нашей почты Новости

Літаратурная гасцёўня «Зігзагі лёсу Уладзіміра Васько» сабрала аматараў слова ў бібліятэцы лідскай школы № 11. У госці да навучэнцаў 9–10-х класаў завітаў вядомы на лідчыне пісьменнік, таленавіты майстар слова Уладзімір Гаўрылавіч Васько.

Літаральна на днях, а калі быць дакладным, то 2 студзеня майстар слова адзначыў сваё 85-годдзе. Таму сустрэча з школьнікамі была не выпадковай. Перш-наперш навучэнцы і настаўнікі павіншавалі пісьменніка з юбілеем, пажадалі моцнага здароўя, творчага натхнення і папрасілі Уладзіміра Гаўрылавіча працягваць здзіўляць усіх новымі мастацкімі творамі: і вершамі, і апавяданнямі. Што вельмі прыемна ўразіла госця, дык гэта тое, што ў бібліятэцы школы была арганізавана выстаўка кніг і артыкулаў «Паэзія пачуццяў і думак», прысвечаная яго юбілею.

Уладзімір Гаўрылавіч расказаў школьнікам пра сабе, пра сваю літаратурнаю дзейнасць, падзяліўся ўспамінамі аб тым часе, калі ён працаваў ў раённым выданні «Лідская газета», якой прысвяціў амаль 30 гадоў. 

Сёлетні юбіляр нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. За яго плячыма Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы, праца ў рэдакцыях шчучынскай (1959-1960 г.), дзятлаўскай (1967-1972 г.) і лідскай (1972-2000 г.) раённых газет. З 1972 года жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку. Выдаў кнігі паэзіі і прозы «Прасветленасць» (1981 г.), «На схілах берагоў» (1997 г.), «Кругаварот жыцця» (2011 г.), «Лясная рапсодыя» (2013 г.), «Зігзагі лёсу» (2017 г.), «Энергія душы» (2018 г.), «На перавалах часу» (2021 г.).

Больш 30 гадоў Уладзімір Васько ўзначальваў літаратурнае аб’яднанне «Суквецце» пры раённым выданні «Лідская газета», і менавіта ён даў назву, якая і да гэтага часу ўвасабляе і аб’ядноўвае ўвесь літаратурны свет лідчыны.

У цёплай атмасферы гасцёўні асабліва гучалі вершы паэта. Найбольшую цікавасці і інтарэс у падлеткаў выклікалі байкі, якія Уладзімір Гаўрылавіч піша апошнія гады. Яны атрымліваюцца ў яго вельмі змястоўнымі, актуальнымі. Загадчыца бібліятэкі Тамара Іосіфаўна Зенюкевіч прадэкламавала некалькі баек і звярнула ўвагу на мову і дакладныя вобразы, якія выкарыстаны ў творах. Тамара Іосіфаўна – чалавек, які ведае Уладзіміра Гаўрылавіча не адзін дзясятак гадоў, таму яна падзялілася з вучнямі сваімі ўспамінамі і ўражаннямі аб сяброўстве з пісьменнікам.

На пытанне вучняў, да якіх тэм у паэзіі звяртаецца майстар слова, то разнастайнасці іх мог пазайздросціць кожны. Як пераканаліся юныя суразмоўцы, ў цэнтры ўвагі Уладзіміра Васько сустракаюцца тэмы малой радзімы, паэта і паэзіі, кахання, дзіцячая тэма, шэраг твораў уяўляюць сабой філасофскія разважанні на надзённыя пытанні.

Пацікавіліся школьнікі ў госця, ці сустракаўся ён з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. І ў адказ пачулі, што за сваё жыццё Уладзімір Гаўрылавіч вёў сяброўства з Максімам Танкам, Янкам Брылём, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Аляксеем Карпюком, Алегам Лойка і інш.

Пісьменнік падзяліўся з вучнямі сваімі думкамі пра сутнасць паняцця «паэзія», пра пачуцці, якія павінны быць закладзены ў душы чалавека, даў некалькі парад у майстэрстве напісання вершаў.

Унікальнай магчымасцю для юных аматараў слова стала набыццё ў сваю хатнюю бібліятэку зборнікаў паэзіі і прозы пісьменніка, а таксама атрыманне ўласнага аўтографа ад аўтара.

Нягледзячы на сталы ўзрост Уладзімір Васько – паэт з маладой душой. Яго творы добра ўспрымаюцца юнымі слухачамі. І гэта было заўважана падчас мерапрыемства.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік 9-га класа «Б».

г. Ліда, школа № 11.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *