Калядная зорка! Свет яе любові, дабрыні адчувае кожны чалавек на Зямлі. Хочацца верыць у цуды, бо нават сама прырода падарыла ўсім людзям такое хараство: мяккі пушысты снег, сонечныя дзянькі.
Але самае вялікае шчасце – адчуць душэўную радасць, бо нарадзіўся Ісус Хрыстос. Гэту радасць нясуць кожны год любчанскія хрыстаславы жыхарам пасёлка. Ніхто не застаўся без увагі. Хрыстаславы наведалі адзінокіх, састарэлых, ветэранаў вайны і працы, пенсіянераў, мнагадзетныя сем’і. Віншаванні прымалі і арганізацыі: ААТ «Прынеманскі», Любчанскае лясніцтва, аддзяленне сувязі, пассавет, магазіны. Гучалі калядныя песні, трапар, вершы. З Каляднаю зоркаю Ангел спусціўся ў бальніцу сестрынскага догляду: Хрыстаславы прынеслі сюды падарункі: цукеркі, дамашняе пячэнне, фрукты, віншавальныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. З вуснаў дзяцей гучала: хай сэрца кожнага чалавека напоўніцца дабрынёй, любоўю, вераю ў лепшае!
З Нарадэннем Хрыстовым, землякі!
Ірына Мікалаеўна МОНІЧ,
настаўнік рускай мовы.
Навагрудскі раён,
Любчанская школа.