Беларуская батлейка – найярчэйшая старонка ў гісторыі народнага тэатральнага мастацтва. Традыцыю ўсталёўваць калядныя пастаноўкі заклаў Святы Францыск Асізскі ў XIII стагоддзі ў Італіі. Але ў Беларусі, дзе акрамя кананічных сюжэтаў вандроўныя артысты ў пачатку XVI стагоддзя прадстаўлялі і сцэнкі з жыцця, гэта мастацтва атрымала народнае прызнанне і захавалася да сённяшняга дня.
Традыцыю ў наш час падтрымліваюць многія лялечныя тэатры Беларусі, практычна ва ўсіх касцёлах на Каляды таксама можна ўбачыць прадстаўленне ў жанры батлейкі.
Цікавасць да гэтага жанру праявілі і нашы вучні. Шмат чыталі, пачалі вывучаць гісторыю лялечнага тэатра, спрабаваць вырабляць лялек. І тут нам так пашчасціла! У Стары Новы год для вучняў 6-х класаў свае дзверы расчыніў музей імя П. В. Масленікава. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі апынуцца ў атмасферы таямнічага дзейства, убачыўшы старажытную калядную батлейку «Цар Ірад». Навуковымі супрацоўнікамі музея Валерыяй Мікалаеўнай Строцкай і Дзмітрыем Аляксандравічам Жураўскім быў праведзены сапраўдны майстар-клас па асаблівасцях народнага лялечнага тэатра і яго гісторыі. Дзеці змаглі блізка разгледзець прыладу батлейкі і яе ўнікальных лялек, патрымаць у руках і самастойна правесці іх па ўстаноўцы. Невялікія жартоўныя сцэнкі на тэму народнага побыту выклікалі смех у аўдыторыі. Добры настрой панаваў увесь час. Было зроблена шмат фотаздымкаў. Вучнi з задавальненнем прынялi ўдзел у такім цікавым мерапрыемстве. Яшчэ раз адчулi на сабе ўсю прыгажосць, самабытнасць i непаўторнасць нашай культуры.
Батлеечныя пастаноўкі вяртаюць нас да вытокаў, дапамагаюць вярнуць страчаныя калісьці каштоўнасці, аднавіць сувязь часоў, чарговы раз далучыцца да беларускіх традыцый і абрадаў нашых продкаў. Правядзенне такіх мерапрыемстваў спрыяе выхаванню патрыятызму падрастаючага пакалення, абуджае цікавасць да вывучэння гісторыі і культуры роднага краю.
Ірына Уладзіміраўна ЦЕРАХАВА,
Ала Фёдараўна НЕСЦЕРОВІЧ,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры.
г. Магілёў, гімназія № 3.