Адной з важнейшых задач сучаснай школы з’яўляецца выхаванне высокай духоўнасці, маральнасці асобы, гатоўнасці авалодаць культурнымі агульначалавечымі дасягненнямі, а таксама развіццё здольнасці захоўваць і творча памнажаць нацыянальную спадчыну. Краязнаўчая і этнаграфічная дзейнасць даюць магчымасць навучэнцам глыбей пазнёміцца з родным краем, мінулым сваёй краіны.
З дапамогай вывучэння прадметаў народнага побыту, святаў беларускага народнага календара, вывучэнне сямейна-абрадавага фальклору фарміруецца сістэма ўяўленняў і поглядаў асобы, з’яўляецца ўнутраная патрэба ў спазнанні гісторыі сваўго роду, сям’і, народа, прадаўжэнні культурных і працоўных традыцый беларусаў.
Адным з напрамкаў выхаваўчай работы ў школе з’яўляецца краязнаўства. Праз патрыятычнае выхаванне мы імкнёмся павысіць узровень духоўнай культуры вучняў, планамерна і паслядоўна, педагагічна эфектыўна прапагандаваць дзяржаўную ідэалогію – выхоўваць дзяцей на слаўных традыцыях краю, на прыкладзе працавітых і таленавітых землякоў. Багаты краязнаўчы матэрыял дазваляе надзвычай цікава і разнастайна праводзіць вучэбныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы.
У рамках ІІ Рэспубліканскага фестываля-конкурса «Нашчадкі традыцый» Селецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе стартаваў краязнаўчы даследчы праект «Да вытокаў душой дакрануся…». Удзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах «Вытокі» і «Краявед» разам са сваімі кіраўнікамі Святланай Сямёнаўнай Івановай і Аленай Анатольеўнай Хамрыцелевай актыўна ўключыліся ў работу. У ходзе экспедыцый па малой радзіме сабралі багаты аўтэнтычны матэрыял каляндарна-абрадавага і сямейна-абрадавага фальклору аграгарадка Сялец, напрыклад: перазовы (трэці дзень вяселля, «малацьба гароху»), абрад хрысцін («Бабуля, не скупіся, вазьмі ды адкупіся…»), абрадавыя памінальныя дні (памінальны стол, жалобныя вершы і песні) і інш. Сумесна з работнікамі Сялецкага дома культуры падрыхтавалі абрад калядавання «Каляда-калядзіца, вечарочак ладзіцца…». З вялікім задавальненнем аднавяскоўцы сустракалі калядных герояў – Казу, Мядзведзя, Зорканошу, Цыгана і іншых, якія сардэчна віншавалі гаспадароў са святам. У планах калектыва вынесці на суд гледачоў паказ сямейна-абрадавых свят сваёй мясцовасці.
З кожным годам усё менш становіцца носьбітаў вясковай беларускай культуры, знікаюць традыцыі і прадметы побыту, якія былі звыклыя для беларусаў яшчэ не так даўно, у сярэдзіне XX стагоддзя. Праца па захаванні матэрыяльных і духоўных нацыянальных каштоўнасцей даўніны вядзецца, але неабходнасць удзелу ў такой працы маладых відавочная. Традыцыйная культура, як правіла, ўспрымаецца маладым пакаленнем у лепшым выпадку як музейная, у горшым – як далёкая ад сённяшняга жыцця, малапрывабная і непатрэбная рэальнасць. Зварот да фальклору, аўтэнтычных каранёў з дапамогай сучасных тэхналогій мяняе падобны погляд на мінулае і нацыянальныя традыцыі: жывая спадчына набывае новыя сэнсы, гаворыць пра сябе на мове, зразумелай пакаленню электроннай культуры.
Святлана Сямёнаўна ІВАНОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
кіраўнік аб’яднання по інтарэсаў «Вытокі».
Мсціслаўскі раён,
Сялецкі дзіцячы сад–сярэдняя школа.