Вучням 9-га класа «А» навагрудскай школы № 7 пашчасціла жыць і вучыцца ў багатым на таленты, прыгожым і маляўнічым куточку нашай Радзімы. З Навагрудчынай звязаны лёсы многіх славутых суайчыннікаў, што праславілі сваёй творчасцю наш край.
Каб больш грунтоўна даведацца пра аднаго з іх – сусветна вядомага паэта – школьнікі наведалі Дом-музей Адама Міцкевіча.
Дзверы ім гасцінна адчыніла і запрасіла на правах гаспадыні дырэктар музея Вікторыя Станіслаўна. Яна правяла вучняў па ўтульных пакойчыках музея, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады паэта, пазнаёміла з цікавымі малавядомымі фактамі яго біяграфіі, расказала чароўную легенду, звязаную з нараджэннем Адама Міцкевіча.
З вялікай цікавасцю і ўвагай слухалі юнакі і дзяўчаты захапляльную рамантычную гісторыю няспраўджанага кахання паэта і Марылі Верашчакі. Дазналіся, што самыя пяшчотныя лірычныя вершы Адам прысвяціў сваёй каханай Марылі.
На экскурсіі вучні больш грунтоўна пазнаёміліся з рознымі перыядамі ў творчасці А. Міцкевіча.
Але не толькі пасіўнымі слухачамі былі дзевяцікласнікі. На адным з этапаў пазнавальнага аповеду Вікторыя Станіславаўна прапанавала старшакласнікам выканаць міні-квэст на пошук 10 адрозненняў на рэпрадукцыі карціны з выявай А. Міцкевіча ад сапраўднага мастацкага палатна, што знаходзіцца ў музеі.
Закончылася пазнавальная экскурсія цікавым флэшмобам, дзе кожны змог прачытаць патрыятычныя радкі з твораў свайго знакамітага земляка і яшчэ раз упэўніцца, што любоў да Радзімы, пачынаецца з ведання гісторыі свайго горада, з гонара за знакамітых землякоў, якія праславілі нашу Бацькаўшчыну далёка за яе межамі.
Валянціна Віктараўна МАНЮК,
класны кіраўнік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
г. Навагрудак, школа № 7,
9-ы клас «А».