«Вялікія перамогі пачынаюцца з маленькіх адкрыццяў» – пад такім дэвізам прайшоў Тыдзень фізікі і інфарматыкі ў Дварэцкай школе.
Кожны дзень вучні знаёміліся з дасягненнямі Беларусі ў галіне фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Вучні пачатковых класаў пабывалі на экскурсіі ў кабінеце інфарматыкі, дзе даведаліся пра асаблівасці вывучэння прадметаў «Інфарматыка» і «Фізіка», пра факультатывы, звязаныя з прадметам «Інфарматыка», з аб’яднаннямі па інтарэсах, якія дзейнічаюць у школе і звязаныя з работай камп’ютарнай тэхнікі.
Даследчыкі-пачаткоўцы паўдзельнічалі ў фізічных доследах, якія раскрылі перад імі сутнасць некаторых прыродных з’яў. Цяпер яны ведаюць, адкуль на небе вясёлка, чаму ў марознае надвор’е дым з коміна цягнецца прама ўверх, як нараджаецца навальніца. Прагляд мультфільма «Фіксікі», у серыях якога тлумачыліся розныя фізічныя з’явы і паняцці ўпэўнілі юных даследчыкаў у тым, што фізіка – вельмі важны прадмет. Яшчэ вучні пачатковых класаў прынялі ўдзел у конкурсе камп’ютарных малюнкаў «Камп’ютарны свет вачыма дзяцей». Найлепшыя малюнкі атрымаліся ў Кірыла Кашко і Сафіі Ляпешка, вучняў 3-га класа. Знайшліся і смельчакі, якія адважыліся на спаборніцтвы з камп’ютарам у гульні «Дыназаўры вучаць шахматам». Кірыл Кашко дайшоў да апошняга ўзроўню, затым ён праверыў свае сілы ў праграмме «Chess Titans», дзе таксама змог перамагчы.
Для вучняў 5–10-х класаў кожны дзень тыдня таксама атрымаўся вельмі насычаным. Яны назіралі за цікавымі эксперыментамі па фізіцы, праглядаючы праграму «Галілеа». Вучні 6-га класа прынялі ўдзел у гульні па інфарматыцы «Разумнікі і разумніцы», пераможцам якой стаў Герман Харошка. Найбольшую колькасць правільных адказаў у гульні па інфарматыцы «Свая гульня» далі Антон Сіўко і Дзяніс Якшук.
На працягу тыдня вучні старэйшых класаў праглядалі цікавыя відэаролікі на тэму «10 самых дзіўных робатаў у свеце», «IT-індустрыя Беларусі ў лічбах», «Топ пяць IT-прафесій». Таксама яны прынімалі ўдзел у анлайн-гульнях «Слабое звяно» і «Фізічны біятлон», дзе яны адказвалі на пытанні і выконвалі розныя заданні. Перамогу атрымаў Уладзіслаў Кашко. Паміж вучнямі 9-га і 10-га класаў прайшлі спаборніцтвы на найлепшага знаўцу інфармацыйнай бяспекі. Лепшымі аказаліся вучні 9-га класа Уладзіслаў Кашко і Раман Сямашка.
У канцы тыдня былі падведзены вынікі конкурса «Самы хуткі», у якім прымалі ўдзел вучні 5–10-х класаў. Неабходна было надрукаваць тэкст як мага хутчэй і не дапусціць памылак. Лепшы вынік паказала вучаніца 8-га класа Віка Сямашка, другое месца заняла вучаніца 8-га класа Віка Харошка, трэцім стаў вучань 9-га класа Уладзіслаў Кашко.
Вучні 11-га класа, якія знаходзяцца на аздараўленні ў санаторыі ДРАЦ «Лясная паляна», таксама паўдзельнічалі ў тыдні – паўдзельнічалі ў віктарыне па астраноміі «Зорныя войны», якую правёў Арцём Яраслававіч Заяц, настаўнік фізічнай культуры.
Па выніках тыдня пераможцы атрымалі граматы і салодкія падарункі.
Віталій Уладзіміравіч ХАЛЮКОЎ,
настаўнік фізікі і інфарматыкі.
Дзятлаўскі раён,
Дварэцкая школа.