Жыву ў горадзе Масты, цудоўным, прыгожым, непаўторным. Я люблю свой горад, але толькі любіць – гэтага мала, патрэбна ведаць гісторыю горада, дзе ты нарадзіўся, дзе ты жывеш, неабходна ведаць і памятаць імёны герояў, якія загінулі за твой горад. Памятаць нам, настаўнікам, і расказваць пра гэта падрастаючаму пакаленню.
У цэнтры горада Масты па вуліцы Савецкай знаходзіцца брацкая магіла воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Над магілай узвышаецца велічны помнік: воін з аўтаматам, зняўшы каску, схіліў калені, развітваючыся з загінулымі баявымі таварышамі. У брацкай магіле пахаваны 855 воінаў і партызан, у іх ліку і Герой Савецкага Саюза Васіль Жукаў. Менавіта каля гэтай брацкай магілы воінаў і партызан праходзяць у нашым горадзе самыя галоўныя мерапрыемствы. Тады на магіле ўспыхвае Вечны агонь, да падножжа помніка ўскладаюцца вянкі і кветкі. Заўсёды прысутнічае шмат моладзі.
Васіль Жукаў родам з Тульскай вобласці. Падчас вызвалення Беларусі ваяваў у складзе 1090-га палка 323-й стралковай дывізіі. Подзвіг свой здзейсніў 12 ліпеня 1944 года недалёка ад вёскі Левыя Масты. Ва ўзнагародным лісце на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза камандзір палка падпалкоўнік Ягораў піша, што Васіль Жукаў у першых трох контратаках праціўніка знішчыў са свайго кулямёта 40 нямецкіх салдат і афіцэраў. Праз некаторы час немцы арганізавалі яшчэ адну контратаку ўжо пры падтрымцы танкаў. Васіль Жукаў ўмелымі дзеяннямі адрэзаў пяхоту ад танкаў, знішчыўшы яшчэ 60 немцаў. Затым дзвюма супрацьтанкавымі гранатамі падбіў нямецкі танк. Загінуў ён пад гусеніцамі другога танка. Званне Героя Савецкага Саюза Васілю Жукаву было прысвоена 24 сакавіка 1945 года. Яго іменем названая вуліца ў нашым горадзе.
Горад Масты савецкія войскі вызвалілі 13 ліпеня 1944 года. Баі за горад вялі воіны 35-га стралковага корпуса. Асабліва вызначылася 348-я стралковая дывізія. У баях за Масты паў смерцю храбрых афіцэр гэтай дывізіі, малодшы лейтэнант, грузін Іван Тордзія. Як успамінаў яго аднапалчанін, камсорг батальёна Іван Падабед, падчас наступлення Іван Тордзія дзейнічаў дзерзка і ўмела. Ён знішчыў да 25 гітлераўцаў, падавіў агонь трох кулямётаў, узяў у палон групу нямецкіх салдат. Загінуў падчас фарсіравання Зяльвянкі ў левабярэжжы нашага горада ад асколка артылерыйскага снарада. Непадалёку ад Дзенькаўцаў стаяла дальнабойная нямецкая артылерыя, якая стрымлівала наступленне нашых войскаў. Але воіны дывізіі разграмілі немцаў з дапамогай кацюш і працягнулі наступленне на Волпу і Рось. А мужны афіцэр быў пахаваны на высокім беразе Зяльвянкі пад разгалістым дубам, дзе загінуў. Цяпер там усталяваны помнік Івану Тордзія.
Яшчэ адна магіла загінуўшых за горад воінаў знаходзіцца на гарадскіх могілках. Там пахавана 150 салдат і афіцэраў. Над магілай узвышаецца васьміметровая стэла, усталяваная ў 1967 годзе. На жаль, вядомыя толькі 323 імёны салдат і афіцэраў, якія загінулі за наш горад і бліжэйшыя населеныя пункты. Таму вядзецца вялікая пошукавая праца. Штогод устанаўліваецца некалькі прозвішчаў, у горад Масты на Дзень Перамогі і Дзень вызвалення запрашаюцца сваякі загінуўшых воінаў. У любую пару года на воінскіх пахаваннях у Мастах можна ўбачыць вянкі кветак.
Мастаўчане памятаюць пра загінуўшых, цэняць іх подзвіг у імя вызвалення нашай Радзімы. Чалавеку трэба ведаць сваю гісторыю не толькі розумам, але і сэрцам. Памяць – гэта сумленне ў адносінах да мінулага. Нездарма гаварылі мудрацы: «Той, хто не памятае свайго мінулага, будзе вымушаны перажыць яго зноў».
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 9-га класа.
Мастоўскі раён.
Пескаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа.